Мінск 21:54

Чарнобыльская АЭС зноў падключана да энергасістэмы Украіны — дырэктар станцыі

20 студзеня, Позірк. З 16:00 20 студзеня ўсе аб’екты Чарнобыльскай АЭС “зажыўленыя ад аб’яднанай энергасістэмы Украіны”, паведаміў дырэктар станцыі Сяргей Тараканаў.

Паводле яго слоў, паказчыкі радыяцыйнай бяспекі на станцыі “не перавышаюць кантрольных узроўняў”. “Станцыя забяспечана дастатковай колькасцю рэзервовых крыніц электрасілкавання. Пагрозы для наваколля і насельніцтва пакуль няма”, — падкрэсліў ён.

Тараканаў адзначыў, што Расія “працягвае ажыццяўляць энергетычны тэрор супраць Украіны”.

У ноч на 20 студзеня “падчас масіраванага ракетна-дронавага ўдару былі атакаваныя вузлы энергетычнай інфраструктуры, якія забяспечваюць, у прыватнасці, электрасілкаванне аб’ектаў ЧАЭС”, дадаў дырэктар станцыі.

“Мы ў чарговы раз падкрэсліваем: падобныя дзеянні абсалютна непрымальныя і груба парушаюць асноватворныя прынцыпы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Патэнцыйная пагроза такіх атак датычыцца не толькі Украіны, але і ўсяго еўрапейскага кантынента”, — сказаў Тараканаў.

Раніцай 20 студзеня некалькі ўкраінскіх электрападстанцый, якія маюць “вырашальнае значэнне для ядзернай бяспекі”, пацярпелі ад “маштабных ваенных дзеянняў”, паведаміў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Марыяна Гросі ў сацсетцы Х.

Паводле яго слоў, на Чарнобыльскай АЭС “цалкам адключылася электразабеспячэнне за межамі пляцоўкі”, а таксама “пацярпелі лініі электраперадачы, якія вядуць да іншых АЭС”.

Гэтай зімой з надыходам халадоў Расія наносіць інтэнсіўныя ўдары па энергетычных аб’ектах Украіны. Жыхары многіх гарадоў, у тым ліку Кіева, зазнаюць праблемы з ацяпленнем, энерга- і водазабеспячэннем.

Напрыканцы снежня 2025 года Тараканаў адзначаў у інтэрв’ю AFP, што калі ракета або баявы дрон трапіць у саркафаг ЧАЭС або ўпадзе недзе побач, гэта можа прывесці да міні-землетрасення.

У прыватнасці, паводле яго слоў, балістычныя сістэмы ракетнага комплексу “Іскандэр” прызначаныя для знішчэння бункераў, таму іх ужыванне побач з зонай адчужэння з’яўляецца крытычнай рызыкай.

Як заявіў Тараканаў, ніхто не можа гарантаваць, што саркафаг вытрымае, і гэта “галоўная пагроза”.

Пасля папярэдніх расійскіх атак, адзначыў дырэктар ЧАЭС, ахоўнае ўкрыццё “страціла некалькі сваіх асноўных функцый”, іх аднаўленне можа заняць “як мінімум тры-чатыры гады”.

10 снежня таго ж года Генеральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняла падрыхтаваную Украінай рэзалюцыю “Умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыі намаганняў па вывучэнні, змякчэнні і мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы”.

Паводле інфармацыі ўкраінскага інфармагенцтва UNN, якое сачыла за трансляцыяй працэдуры, дакумент падтрымалі 97 краін, устрымаліся — 39, выступілі супраць — 8, у ліку якіх Беларусь, Расія і ЗША.

Падзяліцца: