Мінск 02:38

Іспанія выпусціла інструкцыю аб прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў

Ілюстрацыя: "Позірк"

21 студзеня, Позірк. Інструкцыю аб прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў выпусціла 19 студзеня Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне Іспаніі. Скан дакумента распаўсюдзіў Офіс Святланы Ціханоўскай.

“Пасля выдання 4 верасня 2023 года беларускімі ўладамі ўказа (“Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”. — “Позірк”.) беларускім амбасадам і консульствам за мяжой забаронена выдаваць пашпарты. Гэтая мера накіравана на тое, каб прымусіць беларускіх грамадзян за мяжой — каля шасці тысяч у выпадку Іспаніі — вярнуцца для атрымання або падаўжэння пашпартоў у Беларусь, дзе некаторыя з іх знаходзяцца пад рэальнай рызыкай затрымання з палітычных прычын”, — адзначаецца ў інструкцыі.

Згадваецца заява экспертаў ААН на сайце Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ад 20 верасня 2023 года. У ёй канстатавалася абмежаванне правоў беларусаў і ўтрымліваўся заклік да дзяржаў — членаў ААН дзейнічаць адпаведна іх міжнародным абавязацельствам і садзейнічаць беларусам, якія не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму, атрымліваць дакументы, што дазваляюць карыстацца асноўнымі паслугамі і забяспечваюць свабоду руху.

У інструкцыі прыводзіцца таксама заява Савета Еўрапейскага саюза ад 19 лютага 2024 года, у якой асуджаецца “пашпартны” ўказ і пацвярджаецца курс на падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій.

Пералічваюцца краіны ЕС, якія ўжо прызналі пратэрмінаваныя беларускія пашпарты: Аўстрыя, Кіпр, Літва, Францыя, Швецыя, Эстонія.

Далучыцца да гэтага спіса Іспанія вырашыла “ў свеце названых прычын” і праз яе адданасць захаванню правоў чалавека ў Беларусі.

Паводле інфармацыі офіса Ціханоўскай, інструкцыя стала вынікам дамоўленасці з іспанскімі ўладамі падчас візіту дэмлідара ў Мадрыд у чэрвені 2025 года.

Гэтую ж тэму абмяркоўваў яе дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі 18 студзеня 2026 года ў Мадрыдзе на перамовах з дзяржаўным сакратаром МЗС Іспаніі Дыега Марцінесам Беліа.

Падзяліцца: