Мінск 14:19

Рыжанкоў і Лаўроў трэці раз ад пачатку месяца паразмаўлялі па тэлефоне

Максім Рыжанкоў, Сяргей Лаўроў
Архіўныя фота: МЗС Беларусі, "Анадалу" / калаж: "Позірк"

22 студзеня, Позірк. Пра тэлефонную размову міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова і яго расійскага калегі Сяргея Лаўрова паведаміла 22 студзеня прэс-служба знешнепалітычнага ведамства Беларусі.

Суразмоўцы “абмяняліся думкамі па ключавых аспектах двухбаковага ўзаемадзеяння і актуальных пытаннях міжнароднай праблематыкі”. Лаўроў, як паведамляецца, перадаў “віншаванні калектыву МЗС Беларусі з Днём дыпламатычнага работніка”.

Гэта ўжо трэцяя тэлефонная размова чыноўнікаў ад пачатку месяца і, адпаведна, года. 13 студзеня яны абмеркавалі сітуацыю ў Іране і Венесуэле, а таксама “актуальныя пытанні двухбаковых стасункаў і графік будучых сустрэч і мерапрыемстваў на вышэйшым і высокім узроўнях”.

Тады МЗС Беларусі паведаміла, што міністры “адзначылі недапушчальнасць замежнага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў і выказалі спадзеў на больш хуткае ўрэгуляванне абстаноўкі ў Іране”.

3 студзеня Рыжанкоў і Лаўроў правялі, паводле інфармацыі МЗС Расіі, “абмен меркаваннямі аб сітуацыі вакол Венесуэлы” пасля таго, як былі выкрадзеныя і перапраўленыя ў ЗША прэзідэнт краіны Нікалас Мадура з жонкай.

“Падкрэслена, што Масква і Мінск едныя ў рашучым асуджэнні агрэсіі, здзейсненай ЗША супраць суверэннай дзяржавы ў парушэнне міжнародна-прававых нормаў. Акцэнтаваная безумоўная неабходнасць неадкладна вызваліць законнага прэзідэнта Венесуэлы Н.Мадуру і яго жонку, вярнуць іх у сталіцу краіны [з ЗША] і аднавіць Н.Мадуру на пасадзе кіраўніка дзяржавы”, — гаварылася ў прэс-рэлізе МЗС Расіі.

Не выключана, што на гэты раз міністры абмяркоўвалі сітуацыю вакол “Савета міру”, які стварае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Дакумент пра далучэнне да гэтай ініцыятывы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 20 студзеня. Статут гэтай арганізацыі Трамп і прадстаўнікі краін-удзельніц плануюць падпісаць на ўрачыстай цырымоніі 22 студзеня ў швейцарскім Давосе.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 21 студзеня заявіў, што РФ гатовая пералічыць у “Савет міру” 1 млрд долараў з яе актываў, замарожаных у тым ліку ў ЗША пасля ўварвання расійскай арміі ва Украіну.

Падзяліцца: