Мінск 15:38

Лукашэнка пры прызначэнні Селівёрстава амбасадарам у РФ: Гэта наша Расія, таму абы каго туды не пашлеш

Відэа з неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі / стоп-кадр: "Позірк"

22 студзеня, Позірк. Юрый Селіверстаў — чалавек “цвёрды, напорысты, гарэза — у добрым сэнсе”, які гатовы “кідацца па краіне і суседнім ды іншым краінам”, такім чынам Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў цяпер ужо былога міністра фінансаў, прызначаючы яго амбасадарам у Расіі.

“Я падумаў, а чаму б у Расіі не працаваць такому чалавеку, дзе трэба бываць у рэгіёнах Расіі, працаваць, супрацоўнічаць з расійскімі рэгіёнамі, трымаць на кантролі асноўныя кірункі нашай дзейнасці ў Расійскай Федэрацыі, — заявіў палітык (на падставе відэазапісу ў неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы). — І перш за ўсё ў гандлі з Расіяй. Вы абсалютна прысвечаныя гэтым праблемам, ведаеце асноўныя праблемы, якія мы маем у беларуска-расійскіх стасунках. Прыйшоў да высновы, што з усіх кандыдатур, якія прапаноўвалі — з улікам таго, што я сказаў, гэтых крытэраў — напэўна, вы пасуеце да таго, каб працаваць у Расіі”.

“Мы часта кажам, што амбасада ў Расіі — гэта не проста амбасада. <…> Гэта другі ўрад. Бо гэта асноўны наш рынак, дзе мы прадаём сваю прадукцыю. І гэта асноўная краіна, якая інвестуе ў нашу краіну, дапамагае нам заўсёды. Гэта наша Расія, таму абы каго туды не пашлеш. І ўзровень павінен быць адпаведны, і веды, і жаданне працаваць. Таму спыніліся на вашай [кандыдатытуры]”, — сказаў Лукашэнка.

Селівёрстаў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Мінску. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у 2009-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

З 2002 года працаваў у Мінфіне на розных пасадах. У 2009–2012 гадах быў начальнікам Галоўнага ўпраўлення фінансаў вытворчай сферы, у 2012–2015 — начальнікам Галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі, у 2015–2018 — намеснікам міністра, у 2018–2020 — першым намеснікам міністра, з 4 чэрвеня 2020 года і дагэтуль — міністрам фінансаў.

Падзяліцца: