Рыжанкоў і Лаўроў трэці раз ад пачатку месяца паразмаўлялі па тэлефоне (дапоўнена)

дададзеныя абзацы 3–6
22 студзеня, Позірк. Пра тэлефонную размову міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова і яго расійскага калегі Сяргея Лаўрова паведаміла 22 студзеня прэс-служба знешнепалітычнага ведамства Беларусі.
Суразмоўцы “абмяняліся думкамі па ключавых аспектах двухбаковага ўзаемадзеяння і актуальных пытаннях міжнароднай праблематыкі”. Лаўроў, як паведамляецца, перадаў “віншаванні калектыву МЗС Беларусі з Днём дыпламатычнага работніка”.
Праз некалькі гадзін пасля з’яўлення паведамлення МЗС Беларусі, прэс-служба расійскага знешнепалітычнага ведамства паведаміла, што міністры “абмеркавалі наяўныя пытанні двухбаковай супрацы і знешнепалітычнай каардынацыі, а таксама шэраг актуальных сюжэтаў міжнароднага парадку дня”.
“У прыватнасці, бакі абмяняліся думкамі адносна звароту прэзідэнта ЗША Д. Трампа да шэрагу краін, уключаючы Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь, з прапановай стварэння “Савета міру” і намецілі далейшыя крокі па прасоўванні сумеснай беларуска-расійскай ініцыятывы па распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў ХХІ стагоддзі”.
Суразмоўцы таксама разгледзелі “графік будучых сустрэч і мерапрыемстваў на вышэйшым і высокім узроўнях”.
Знешнепалітычныя ведамствы абедзвюх краін таксама распаўсюдзілі тэкст віншавальнай тэлеграмы Лаўрова на адрас Рыжанкова з нагоды Дня дыпламатычнага работніка. У ёй расійскі чыноўнік сярод іншага адзначыў, што “ва ўмовах турбулентнай ваенна-палітычнай сітуацыі ў свеце і беспрэцэдэнтнага ціску “калектыўнага Захаду” беларуская дыпламатыя дэманструе высокі прафесіяналізм, патрыятызм і цвёрдасць у адстойванні нацыянальных інтарэсаў, вернасць службоваму абавязку і саюзніцкім абавязкам”.
Дакумент аб далучэнні да згаданага “Савета міру” Аляксандр Лукашэнка падпісаў 20 студзеня. Статут гэтай арганізацыі амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп і прадстаўнікі краін-удзельніц плануюць падпісаць на ўрачыстай цырымоніі 22 студзеня ў швейцарскім Давосе.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 21 студзеня заявіў, што РФ гатовая пералічыць у “Савет міру” 1 млрд долараў з яе актываў, замарожаных у тым ліку ў ЗША пасля ўварвання расійскай арміі ва Украіну.
Варта адзначыць, што 22 студзеня адбылася ўжо трэцяя тэлефонная размова Рыжанкова і Лаўрова ад пачатку месяца і, адпаведна, года. 13 студзеня яны абмеркавалі сітуацыю ў Іране і Венесуэле, а таксама “актуальныя пытанні двухбаковых стасункаў і графік будучых сустрэч і мерапрыемстваў на вышэйшым і высокім узроўнях”.
Тады МЗС Беларусі паведаміла, што міністры “адзначылі недапушчальнасць замежнага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў і выказалі надзею на больш хуткае ўрэгуляванне абстаноўкі ў Іране”.
3 студзеня Рыжанкоў і Лаўроў правялі, паводле інфармацыі МЗС Расіі, “абмен меркаваннямі пра сітуацыю вакол Венесуэлы” пасля таго, як былі выкрадзеныя і перапраўленыя ў ЗША прэзідэнт краіны Нікалас Мадура з жонкай.
“Падкрэслена, што Масква і Мінск едныя ў рашучым асуджэнні агрэсіі, здзейсненай ЗША супраць суверэннай дзяржавы ў парушэнне міжнародна-прававых нормаў. Акцэнтавана безумоўная неабходнасць неадкладна вызваліць законнага прэзідэнта Венесуэлы Н.Мадуру і яго жонку, вярнуць іх у сталіцу краіны [з ЗША] і аднавіць М.Мадуру на пасадзе кіраўніка дзяржавы”, — гаварылася ў прэс-рэлізе МЗС Расіі.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- АнонсыАнонсы падзей на 22 студзеня — 30 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка



