Мінск 02:44

У Брэсцкай вобласці ў 2025 годзе спагнана менш за палову крымінальных штрафаў

22 студзеня, Позірк. Узровень спагнання крымінальных штрафаў па выніках 2025 года склаў у Брэсцкай вобласці 45,5%, паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на рэгіянальную.

Ведамства сцвярджае, што “праведзеныя наглядна-аналітычныя мерапрыемствы дазволілі павысіць эфектыўнасць спагнання грашовых сродкаў органамі прымусовага выканання (ОПВ) у рамках выканаўчых вытворчасцяў”: па выніках 2025 года спагнана 4,9 млн рублёў супраць 2,68 млн у 2024-м. Аднак невядомыя сумы накладзеных штрафаў.

Агулам летась органамі прымусовага выканання Брэсцкай вобласці спагнана больш за 223 млн рублёў. Па выканаўчых дакументах у даход дзяржавы спагнана 33,6 млн рублёў, гаворыцца ў паведамленні.

Пракуроры Брэсцкай вобласці ў 2025 годзе правялі 75 праверак выканання ОПВ заканадаўства аб выканаўчай вытворчасці.

Летась на падставе інфармацыі судовых выканаўцаў Дзяржаўтаінспекцыя знайшла амаль 80 аўтамабіляў. Адзначаецца, што многіх такія меры прымушаюць адшукаць магчымасць аплаты запазычанасці: практычна ў палове выпадкаў арышт з аўтамабіляў зняты ў сувязі з пагашэннем запазычанасці ў поўным аб’ёме. У астатніх выпадках праведзена работа па ацэнцы і рэалізацыі транспартных сродкаў.

Адзначаецца, што “працягвае рэалізацыю распрацаваны з ініцыятывы пракуратуры Брэсцкай вобласці механізм узаемадзеяння ОПВ з ДАІ па выкананні пастаноў судовых выканаўцаў аб затрыманні, прымусовай адбуксіроўцы (эвакуацыі) і змяшчэнні на ахоўную стаянку арыштаванага транспартнага сродку даўжніка”.

Механізм прадугледжвае магчымасць выяўлення Дзяржаўтаінспекцыяй арыштаваных транспартных сродкаў даўжнікоў у патоку з дапамогай выкарыстання Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.

Пракуратура адзначае, што ўказаны механізм распаўсюджвае сваё дзеянне на розныя катэгорыі запазычанасцяў, у тым ліку на запазычанасць па аліментах на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, па заработнай плаце, а таксама па спагнаннях у даход дзяржавы.

Падзяліцца: