Мінск 11:24

Вашынгтон рэзка адрэагаваў на апошні запуск паветраных шароў з Беларусі ў Літву — Наўседа

30 студзеня, Позірк. Прадстаўнікі ЗША “вельмі аператыўна адрэагавалі” на апошні інцыдэнт, звязаны з масіраваным запускам паветраных шароў з тэрыторыі Беларусі ў Літву, заявіў, паводле інфармацыі LRT, прэзідэнт балтыйскай дзяржавы Гітанас Наўседа.

Паводле яго, у Вашынгтоне “выкарыстоўвалі даволі рэзкую рыторыку, заявіўшы, што гэта зусім недапушчальна”.

Пры гэтым прэзідэнт Літвы адзначыў, што, наколькі яму вядома, “некаторы час таму” Мінск паабяцаў ЗША вырашыць “праблему з паветранымі шарамі”.

Науседа ў чарговы раз заявіў, што цяпер пытанне аб магчымым транзіце беларускіх угнаенняў праз Літву не ўзнімаецца: “Падобныя размовы не будуць мець абсалютна ніякай падставы, пакуль хаця б адзін паветраны шар з беларускага боку будзе залятаць у Літву, <…> ніхто ў свеце не зменіць нашага меркавання”.

Літва “мае справу з няпростай дзяржавай, таму ні ў кога не было ілюзій, што паветраныя шары назаўжды знікнуць з літоўскага неба”, дадаў ён.

Вашынгтон публічных заяў па тэме не рабіў.

Як паведамляў “Позірк“, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Літвы Вілмантас Віткаўскас заявіў 28 студзеня пра масіраваны напад мінулай ноччу метэазондамі з боку Беларусі ў ноч з 27 на 28 студзеня. Узгаданую ноч ён назваў “верагодна, самай інтэнсіўнай за ўвесь гэты год (з пачатку 2026-га. — “Позірк”.)”. Упершыню з 6 снежня мінулага года прыпынялася праца Віленскага аэрапорта.

Уварванне паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву восенню і ў пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця згаданай паветранай гавані аэрапорта, размешчанай недалёка ад мяжы. Акрамя таго, з 29 кастрычніка па 19 лістапада Літва закрывала мяжу з Беларуссю.

9 снежня мінулага года ўрад Літвы аб’явіў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню з-за “гібрыднай атакі Беларусі”. Рашэнне было прынята “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспекі дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл пасля вяртання ў Вільнюс з Мінска, дзе 12 і 13 снежня праводзіў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненні палётаў метэазондаў з Беларусі ў Літву.

“Рашучы пратэст” Беларусі ў сувязі з парушэннямі паветранай прасторы Літвы 27–28 студзеня 2026 года з выкарыстаннем паветраных шароў для перавозкі кантрабанды быў заяўлены напярэдадні ў ноце, уручанай МЗС балтыйскай дзяржавы часоваму паверанаму ў справах Беларусі. Вільня заявіла, што разглядае магчымасць паўторнага закрыцця мяжы з Беларуссю.

12 студзеня Наўседа заявіў, што мае намер прадстаўляць “цвёрдую пазіцыю Літвы”, калі Вільня сутыкнецца з ціскам Вашынгтона, накіраваным на тое, каб краіна аднавіла транзіт беларускіх угнаенняў па сваёй тэрыторыі.

Падзяліцца: