Мінск 00:22

Грамадзяне павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах — намеснік міністра энергетыкі

Ілюстрацыя: "Позірк"

1 лютага, Позірк. Грамадзяне павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах, заявіў намеснік міністра энергетыкі Сяргей Адаменка, каментуючы ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1“ нядаўняе даручэнне Аляксандра Лукашэнкі зніжаць тэмпературу цепланосьбіта ў моцныя маразы для захавання цеплатрас.

“З улікам заўваг кіраўніка дзяржавы, якія мы, вядома ж, улічылі, мы запланавалі зніжэнне тэмпературнага графіка для таго, каб не было вялікай нагрузкі на наша абсталяванне і мы маглі пры гэтым забяспечыць сацыяльныя ўмовы пражывання людзей. Вядома, тэмпература ў моцныя маразы ў памяшканнях і кватэрах у грамадзян будзе некалькі зніжана адносна тых графікаў, якія мы раней практыкавалі, але гэта будуць усё роўна камфортныя ўмовы”, — сказаў чыноўнік.

“18 плюс абавязкова павінна быць, гэта сацыяльны стандарт, — заявіў Адаменка. — Такія нехарактэрныя маразы, як цяпер у нас адбываюцца сёлета — вядома ж, мы да іх не прызвычаіліся. Нашы грамадзяне пры гэтым прызвычаіліся, што ў нас 22-25 градусаў у кватэрах. Але гэта вялікія нагрузкі на абсталяванне”.

Лукашэнка распарадзіўся зніжаць тэмпературу цепланосьбіта пасля буйной аварыі на цеплатрасе ў Мінску, якая парушыла ацяпленне ў пяці з дзевяці раёнаў. “Мы холаду не баімся. Галоўнае, каб цеплатрасы ў нас вытрымлівалі”, — заявіў ён.

Падзяліцца: