Мінск 03:16

Памёр былы намеснік міністра культуры, дыпламат Васіль Чэрнік

Васіль Чэрнік
Фота: фэйсбук-старонка Васіля Чэрніка

2 лютага, Позірк. Ва ўзросце 65 гадоў 1 лютага памёр былы намеснік міністра культуры, дыпламат Васіль Чэрнік.

Пра яго смерць паведаміў былы генеральны дырэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, былы дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Алег Рыжкоў.

Даведка “Позірку“:

Васіль Чэрнік нарадзіўся ў 1960 годзе ў Гродне, скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы (1984), Акадэмію кіравання (2000). У 1990-1991 гадах працаваў настаўнікам гісторыі ў мінскай сярэдняй школе № 8. З 1993 года займаў розныя пасады ў Міністэрстве культуры — быў намеснікам старшыні Камітэта па ахове культурнай спадчыны, начальнікам упраўлення ў дэпартаменце па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, начальнікам галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай працы, намеснікам міністра.

У 2009-2013 гадах працаваў у беларускай амбасадзе ў Польшчы.

Апошняе месца працы Чэрніка — амбасада Беларусі ў Расіі. Быў старшым дарадцам, кіраўніком Дзелавога і культурнага комплексу амбасады Беларусі ў РФ.

Васіль Чэрнік — родны дзядзька вядомага футбольнага брамніка Сяргея Чэрніка і старэйшы брат яго бацькі, былога футбольнага суддзі і інспектара матчаў Віктара Чэрніка.

Падзяліцца: