Мінск 21:56

Чыноўнік Мінабароны Польшчы затрыманы за супрацоўніцтва з беларускай выведкай — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: Natalia Gasiorowska / unsplash.com

3 лютага, Позірк. Супрацоўнік Міністэрства нацыянальнай абароны (МНА) Польшчы затрыманы 3 лютага а 8 гадзіне раніцы па прыходзе на працу.

Затрыманне праведзена прадстаўнікамі Службы ваеннай контрвыведкі (СВК) і ваеннай жандармерыі Польшчы.

Паводле інфармацыі партала Onet, аперацыя па затрыманні чыноўніка стала вынікам працяглага расследавання СВК, якая падазрае мужчыну ў супрацоўніцтве з расійскай і беларускай выведкамі.

Адзначаецца, што падазраваны з’яўляецца шматгадовым супрацоўнікам сярэдняга ўзроўню дэпартамента стратэгіі і абароннага планавання ведамства, яму 60 гадоў.

“За дзеяннямі гэтага чалавека службы назіралі на працягу многіх месяцаў. Яго дзейнасць старанна дакументавалася і аналізавалася. Таму сабраныя супраць яго доказы з’яўляюцца вельмі важкімі. Гэта адзін з найбуйнейшых поспехаў”, — паведаміў партал са спасылкай на “крыніцу, знаёмую з закуліссем аперацыі”.

Таксама крыніца заявіла, што ў Польшчы “ў апошнія гады не было аперацый такога тыпу, а затрыманне меркаванага шпіёна, размешчанага ў такім адчувальным месцы, як Міністэрства нацыянальнай абароны, варта расцэньваць як несумненны і буйны поспех ваеннай контрвыведкі”.

Пасля 11 гадзін па мясцовым часе МНА выпусціла прэс-рэліз, у якім пацвердзіла “затрыманне шматгадовага супрацоўніка абароннага ведамства”, якому “былі прад’яўленыя абвінавачанні ў супрацоўніцтве з замежнай выведкай”.

“Справу вядзе Служба ваеннай контрвыведкі, якая пры затрыманні супрацоўнічала з дэпартаментам па ваенных справах нацыянальнай пракуратуры, а таксама з ваеннай жандармерыяй. Цяпер праводзяцца працэсуальныя дзеянні”, — паведаміла абароннае ведамства Польшчы.

Падзяліцца: