Мінск 00:37

БЧ вяртае ў эксплуатацыю старыя цягнікі — замест польскіх, якія здымаюць з маршрутаў “па тэхнічных прычынах”

Фота: БЧ

3 лютага, Позірк. Цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа, што курсіруюць па маршруце Мінск — Віцебск — Мінск, “па тэхнічных прычынах будуць ісці саставамі, сфарміраванымі з вагонаў лакаматыўнай цягі замест маторавагоннага рухомага саставу серыі ДЦ-6”, паведаміла 3 лютага прэс-служба Беларускай чыгункі (БЧ).

Перавозчык адзначае, што 3 лютага 2026 года такія змены закрануць цягнік №711 Віцебск — Мінск, 4 лютага — цягнікі №712 Мінск — Віцебск, №713 Віцебск — Мінск і №714 Мінск — Віцебск.

Пачынаючы з 5 лютага цягнікі №704/703, №712/711 і №714/713 Мінск — Віцебск — Мінск таксама будуць абслугоўвацца саставамі, сфарміраванымі з “вагонаў лакаматыўнай цягі”.

БЧ звярнула ўвагу пасажыраў, што “дадзеныя цягнікі будуць ісці з адхіленнем ад свайго раскладу”.

“Акрамя таго, у перыяд з 3 да 5 лютага 2026 года па тэхнічных прычынах цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа №744/745 Мінск — Магілёў — Мінск і цягнік №745 Магілёў — Мінск у суткі 6 лютага 2026 года будуць курсіраваць саставамі, сфарміраванымі з вагонаў лакаматыўнай цягі замест маторавагоннага рухомага саставу серыі ДЦ-3”, — паведаміў перавозчык.

Адзначаецца, што “ў сувязі з заменай саставаў цягнікоў пасажырам, якія раней набывалі праязныя дакументы на названыя цягнікі, будзе кампенсаваная розніца ў кошце праезду пры звароце ў білетныя касы Беларускай чыгункі”.

Згодна з інфармацыяй на сайце перавозчыка, першы 6-вагонны дызель-цягнік ДЦ-6 вытворчасці польскай кампаніі “PESA Bydgoszcz SA” прыбыў у Беларусь у 2019 годзе, усяго ў 2019–2020 гадах планавалася набыццё шасці саставаў.

4 трохвагонныя цягнікі ДЦ-3 таго ж вытворцы павінны былі паступіць у Беларусь пачынаючы з 2016 года, калі ў краіну прыбылі два саставы.

На лакаматыўнай цязе па чыгунцы перамяшчаюцца саставы, сфарміраваныя з асобных вагонаў, якія чапляюцца да лакаматыва (цеплавоза). Як правіла, гэта старыя саставы, іх замяняюць транспартам новых пакаленняў.

Пра прычыны зняцця польскіх цягнікоў з названых маршрутаў перавозчык не паведамляе. Не выключана, што, як і ў выпадку са швейцарскімі цягнікамі “Штадлер”, пра зняцце якіх з шэрагу маршрутаў паведамлялася ў верасні мінулага года, ва ўмовах еўрапейскіх санкцый БЧ не можа ажыццяўляць іх паўнавартаснае тэхнічнае абслугоўванне.

Падзяліцца: