Мінск 18:51

У 2025 годзе Дзяржстандарт забараніў увоз і абарот 1,2 тыс. найменняў прадукцыі

12 лютага, Позірк. У 2025 годзе Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі забараніў увоз і абарот у Беларусі 1.222 найменняў прадукцыі — на 38% менш, чым у 2024-м. Такія даныя ведамства прадставіла 11 лютага па выніках леташняй працы інспекцый дзяржнагляду.

Адзначаецца, што забароненая прадукцыя склала каля 2% усіх тавараў, што трапілі пад кантроль. За год пад праверку трапіла 65.873 найменні прадукцыі (+8% да 2024 года).

Доля прадукцыі, якая не адпавядае абавязковым патрабаванням, у параўнанні з 2024 годам знізілася на 2,7%, што, на думку ведамства, “сведчыць пра падвышэнне адказнасці суб’ектаў гаспадарання”.

Сярод прадукцыі, якую летась прызналі небяспечнай, 29% прыпала на электратэхнічную прадукцыю, 22% — на харчовую прадукцыю, 20% — на тавары для дзяцей і падлеткаў, 12% — на цацкі, 10% — на тавары лёгкай прамысловасці, 7% — на іншую прадукцыю.

Абласныя інспекцыі Дзяржстандарта за мінулы год правялі больш за 8,5 тыс. кантрольных (наглядных) мерапрыемстваў, з якіх у выглядзе праверак — 11%.

Кантролю якасці і бяспекі прадукцыі, якая вырабляецца і рэалізуецца на ўнутраным рынку, тычылася 59% мерапрыемстваў; кантролю за выкананнем заканадаўства пра адзінства вымярэнняў — 35%; кантролю правамернасці і абгрунтаванасці выдадзеных (прынятых) дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці — 6%.

89% мерапрыемстваў насіла “прафілактычны і тлумачальны” характар, што “садзейнічала прадухіленню парушэнняў”, падкрэсліў Дзяржстандарт.

Раней паведамлялася, што ў 2025 годзе работнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю праверылі 295 інтэрнэт-крам — парушэнні заканадаўства былі выяўленыя ў 257 з іх (87,1%).

16 лістапада кіраўнік Дзяржкамітэта па стандартызацыі Алена Маргунова паведамляла, што нацыянальныя стандарты Беларусі на 65% гарманізаваныя з міжнароднымі патрабаваннямі, да 2030 года ўзровень гарманізацыі плануецца давесці да 80%.

Падзяліцца: