Мінск 13:52

МУС дадало ў спіс “экстрэмістаў” 22 чалавекі

Ілюстрацыйнае фота: Ron Dyar / unsplash.com

20 лютага, Позірк. У спіс “асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, 20 лютага дададзена яшчэ 22 чалавекі. Цяпер у размешчаным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў пераліку 6.320 пазіцый.

Сярод іх восем чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Усе яны асуджаныя паводле арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) у рамках справы “Беларускага Гаюна”.

Гаворка пра Віталя Каваленку (асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі, узмоцнены рэжым), Мікіту Нячаева (3 гады, агульны рэжым), Аляксандра Гардзеенку і Андрэя Вусіка (выракі праваабаронцам невядомыя), насупраць прозвішчаў якіх стаіць пазнака “адбывае пакаранне”.

Гэта таксама Аляксандр Дулеба (асуджаны таксама паводле арт. 368 — “абраза прэзідэнта”), Аляксандр Лобузаў (таксама паводле арт. 342 — “арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”), Уладзімір Патапенка і Сяргей Сікорскі. Побач з іх прозвішчамі стаіць пазнака “судзімасць не пагашаная”, якая, як правіла, кажа пра вынясенне прыгавору, звязанага з абмежаваннем, а не пазбаўленнем волі.

З пазнакай “адбывае пакаранне” ў спіс таксама ўнесеныя асуджаныя паводле арт. 3614 Аляксей Пустаход, Раман Карпаў, Віталіна Міхаленя, Анатоль Арцёмчанка і Антон Казачэнка.

Дададзены ў спіс Віталь Абадэнка, які, згодна з дакументам “адбывае пакаранне”, асуджаны паводле арт. 13 (падрыхтоўка да злачынства), 3613 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу) і 2905 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі).

Глеб Рыбчанка, які таксама “адбывае пакаранне”, асуджаны паводле арт. 13, 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), 289 (акт тэрарызму), 2904 (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй), 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), 368 і 3691 (дыскрэдытацыя Беларусі).

З пазнакай “судзімасць не пагашана” спіс папоўнілі асуджаныя паводле арт. 3614 Андрэй Рагуля, Юрый Гарачаў, Дамір Хасаншын, Дзмірый Галавацкі, Сяргей Сіротка, Міхаіл Каласоўскі і Максім Булаўскі.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі рэгулярна папаўняе спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, “экстрэмісцкіх фарміраванняў” і такой жа “інфармацыйнай прадукцыі”, закладваючы “аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій”, адзначалася ў студзеньскім дакладзе праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Падзяліцца: