Мінск 22:05

У рамках праверкі боегатоўнасці ў войска паступаюць аўтамабілі з “народнай гаспадаркі”

Відэа: Мінабароны Стоп-кадр: “Позірк”

21 лютага, Позірк. У рамках праверкі Узброеных сіл вайсковыя часці Заходняга аператыўнага камандавання прыводзяцца ў баявую гатоўнасць, паведамляе Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што “ў адной з механізаваных брыгад разгорнуты пункт прыёму тэхнікі”.

“У распараджэнне падраздзяленняў паступаюць аўтамабілі з народнай гаспадаркі. Таксама частка машын здымаецца з захоўвання”, — гаворыцца ў паведамленні.

Папярэдні раз вайсковыя часці Заходняга аператыўнага камандавання прыводзіліся ў баявую гатоўнасць 16 лютага. Тады заяўлялася, што праверка дазволіць ацаніць “ўзровень баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, здольнасць камандзіраў кіраваць падначаленымі вайсковымі часткамі, стан узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі”.

2 лютага Мінабароны паведаміла, што ў рамках “нарошчвання мерапрыемстваў комплекснай праверкі баявой гатоўнасці” Узброеных сіл прыведзена ў “гатоўнасць да выканання задач па прызначэнні” адна з вайсковых часцей Заходняга аператыўнага камандавання. Што гэта за часць, не ўдакладнялася.

4 лютага Міністэрства абароны паведамляла, што да праверкі боегатоўнасці прыцягнутыя афіцэры запасу.

Пра пачатак “планавай” комплекснай праверкі боегатоўнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў міністр абароны Віктар Хрэнін абвясціў 26 студзеня. Яна была абвешчаная паралельна з раптоўнай праверкай боегатоўнасці арміі, якая пачалася 16 студзеня па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі — у абыход Мінабароны.

Падзяліцца: