Мінск 17:36

Султан Амана распарадзіўся заснаваць амбасаду ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка і султан Амана Хайсам бін Тарык аль Саід (снежань 2025 года)
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

22 лютага, Позірк. Заснаваць амбасаду ў Беларусі распарадзіўся султан Амана Хайсам бін Тарык аль Саід.

У датаваным 22 лютага ўказе, тэкст якога апублікаваны на decree.om (прыватны агрэгатар афіцыйнай інфармацыі), манарх адзначыў, што амбасада султанату засноўваецца з меркаванняў “грамадскіх інтарэсаў”.

Тэрміны адкрыцця дыпламатычнага прадстаўніцтва ва ўказе не вызначаныя. З улікам таго, што ў дакуменце ўтрымліваюцца спасылкі на ўказ “Аб вызначэнні паўнамоцтваў Міністэрства замежных спраў” і закон “Аб дыпламатычнай і консульскай службе”, можна меркаваць, што пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі МЗС. Аманскае знешнепалітычнае ведамства пакуль ніякіх тлумачэнняў на гэты конт не рабіла.

12 лютага Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову № 74, у адпаведнасці з якой беларуская амбасада ў Амане мае быць адкрытая да 1 студзеня 2027 года.

Улады ў Мінску чакаюць, што пастаянная дыпламатычная прысутнасць Беларусі ў гэтай краіне на Аравійскім паўвостраве дасць магчымасць “значна падвысіць эфектыўнасць працы па развіцці палітычных, гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных сувязей, практычным вывучэнні магчымасцяў прамысловай кааперацыі і сумесным асваенні новых рынкаў; умацаваць пазіцыі Беларусі на аманскім кірунку, а таксама знайсці новыя выхады на краіны Афрыкі і Емен”.

Аляксандр Лукашэнка апошні раз наведваў Аман напрыканцы лістапада — на пачатку снежня 2025 года (да і пасля візіту ў Алжыр).

27 студзеня 2026-га палітык падпісаў закон, які ратыфікуе пагадненне паміж урадамі дзвюх краін пра ўзаемнае скасаванне віз.

Як адзначаў Позірк, дакумент вызначае, што беларусы могуць уязджаць у Аман, а аманцы — у Беларусь на падставе нацыянальных пашпартоў на тэрмін да 30 дзён з даты перасячэння мяжы. Пры гэтым агульны тэрмін бязвізавага знаходжання не мае перавышаць 90 дзён на год.

Аманскі бок ратыфікаваў дакумент 12 лістапада 2025 года.

Падзяліцца: