Мінск 10:51

Лукашэнка сцвярджае, што ля мяжы Беларусі “спадкаемцы нацыстаў” рыхтуюцца да “кідку на Усход”

Архіўнае фота: БелТА

23 лютага, Позірк. На пагранічных рубяжах Беларусі “спадкаемцы нацыстаў зноў спрабуюць сфармаваць браняваны кулак для кідка на Усход”, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны, які адзначаецца ў краіне 23 лютага.

“Мы ўсё гэта ведаем, адсочваем і разумеем, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Перакананы, што супрацьстаяць агрэсару можа толькі сучаснае, мабільнае, добра аснашчанае войска. Такое, якое мы з вамі стваралі ўсе гэтыя гады”.

Паводле слоў палітыка, армія Беларусі здольная “астудзіць запал любога агрэсара”. Падмуркам “мірнай будучыні” краіны ён назваў “моц беларускіх Узброеных сіл, адзінства і згуртаванасць народа”, якія людзі маюць “нястомна ўмацоўваць сваёй працай”.

Беларусь з насцярожанасцю сочыць за павелічэннем вайсковых бюджэтаў замежных дзяржаў, заявіў дзяржаўным СМІ начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра абароны па пытаннях МВС Валерый Равенка 19 лютага, у дзень тэматычнага брыфінгу для замежных вайсковых аташэ.

“Для нас катэгарычна не прымальнае разгортванне [вайсковага] кантынгенту ўздоўж мяжы Беларусі”, — заявіў ён.

Паводле слоў прадстаўніка Мінабароны, непакой таксама выклікае будаўніцтва на Захадзе вайсковых заводаў, аснашчэнне войскаў узбраеннем і вайсковай тэхнікай, што “ніяк не сігналізуе пра спробы нармалізацыі стасункаў, пра спробу выбудоўвання канструктыўнага дыялога з Беларуссю”.

З 16 студзеня ў Беларусі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі праводзіцца раптоўная праверка боегатоўнасці ўсіх відаў і родаў Узброеных сіл — у абыход Міністэрства абароны. Мерапрыемствы запланаваныя да вясны. 18 лютага дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч паведаміў Лукашэнку пра яе далейшае правядзенне.

Паралельна з 26 студзеня з ініцыятывы Мінабароны праводзіцца “планавая” комплексная праверка боегатоўнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў.

Падзяліцца: