Мінск 17:11

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

25 лютага, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць 25 лютага прызнала палітвязнямі яшчэ восем чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай у тым ліку на сайце цэнтра “Вясна”.

Адпаведны статус атрымалі Павел Шпак (прыгавораны да зняволення паводле арт. 130 і 342 КК), Аляксей Ляўкевіч (арт. 130, 368 і 369), Міхаіл Горбач (арт. 130, 368, 369 і 3611), Таццяна Магнусава (арт. 361, 130, 3691, 368, 367, 3611), Сяргей Пахомаў (арт. 3614, 368, 369, 130), Віталь Абадзенка (арт. 3613, 2905), Сяргей Васільеў (арт. 356) і Пётр Асіпенка (арт. 356 і 342).

Праваабаронцы лічаць, што “разгляд палітычна матываваных крымінальных справаў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні, у адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы, у створанай уладамі абстаноўцы нецярпімасці да дзейнасці праваабарончых арганізацый і праваабаронцаў і незалежных журналістаў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і падрывае давер да якіх бы там ні было доказаў абвінавачання”. Акрамя таго, падрываюць давер да абгрунтаванасці працэсуальных мер “грубыя парушэнні дзяржавай базавых працэсуальных нормаў, у прыватнасці — прэзумпцыі невінаватасці”.

Падпісанты заявы традыцыйна запатрабавалі “перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў выракі і абраныя меры стрымання пры выкананні права на справядлівы разгляд і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, выгляд і памер пакарання; вызваліць названых палітвязняў, выкарыстаўшы іншыя захады для гарантавання іх яўкі ў суд; неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя выракі і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.

Апрача “Вясны” дакумент падпісалі Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, “Прававая ініцыятыва” і Lawtrend.

На гэты час у Беларусі статус палітвязня мае 1.146 чалавек.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;
  • арт. 356 — здрада дзяржаве;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта, у тым ліку таго, што спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта, у тым ліку таго, што спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
  • арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.
Падзяліцца: