Грузінскі чыноўнік абверг інфармацыю тэлеканала “Беларусь 24” пра нібы прапанаваную дапамогу ў трансляцыі

26 лютага, Позірк. Старшыня Нацыянальнай камісіі камунікацый Грузіі Гога Гулардава абверг інфармацыю тэлеканала “Беларусь 24” пра тое, што ён нібыта прапанаваў дапамогу ў арганізацыі вяшчання канала на тэрыторыі яго краіны.
“Я ніякім чынам не пацвярджаю гэтую інфармацыю. Наогул пра гэта не ішло гаворкі”, — заявіў Гулордава грузінскай службе “Радыё Свабода”. Пазней ён дадаў, што на адрас тэлеканала накіраваны ліст з патрабаваннем выправіць недакладныя звесткі.
24 лютага “Беларусь 24” распаўсюдзіў паведамленне пра сустрэчу з кіраўніком рэгулятара і апублікаваў фота. Было заяўлена, што бакі абмеркавалі “пытанні ўключэння канала ў пакеты вядучых [грузінскіх] правайдараў і кабельных аператараў”. Акрамя таго, сцвярджалася, што чыноўнік нібыта “прапанаваў дапамогу ў арганізацыі вяшчання тэлеканала ў рэгіёнах Грузіі”.
Пазней тэлеканал выдаліў гэтую навіну, аднак на сайце засталося іншае паведамленне — пра “прэзентацыю тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі для вядучых правайдараў і кабельных аператараў, экспертнай супольнасці і беларускай дыяспары”. У ёй таксама гаворыцца, што камісія “прапанавала дапамогу ў арганізацыі вяшчання “Беларусь 24″ у рэгіёнах Грузіі”.
Старшыня камісіі заявіў, што з прадстаўнікамі вяшчальніка з Беларусі “абмежаваліся двуххвіліннай сустрэчай”. Ім было растлумачана, чаму вяшчанне не можа распаўсюджвацца пры садзейнічанні кабельных тэлеканалаў: “Кампанія, у склад якой яны ўваходзілі, знаходзілася пад санкцыямі, і кабельныя аператары адмовілі ім, на што мелі права”.
“Беларусь 24” — міжнародны спадарожнікавы тэлеканал, пазначана на яго сайце. Вяшчанне вядзецца на беларускай і рускай мовах кругласутачна. Інфармацыйны кантэнт даступны на англійскай і польскай мовах у фармаце бягучага радку. Зона пакрыцця, як сцвярджаецца, ахоплівае больш за 170 краін.
Галоўнай мэтай называецца “інфармаванне пра падзеі і дасягненні Беларусі ў самых розных сферах, захаванне суайчыннікаў у адзінай этнакультурнай прасторы і падвышэнне іміджу Беларусі ў вачах сусветнай супольнасці”.
Тэлеканал уваходзіць у структуру Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, у складзе якой акрамя яго яшчэ сем ТВ-каналаў і шэраг радыёстанцый.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка



