Інфляцыя за мінулы перыяд лютага складае 0,2% — Галоўчанка

27 лютага, Позірк. За мінулы перыяд лютага інфляцыя знаходзіцца на нізкім узроўні — 0,2%, паведаміў 27 лютага кіраўнік Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка.
Найхутчэй гаворка ідзе пра тры тыдні месяца: Белстат паведамляе дзяржорганам аб дынаміцы спажывецкіх цэн штотыдзень.
“Гэта істотна ніжэй, чым было годам раней (у лютым 2025-га цэны выраслі на 1,3%. — “Позірк“.). Гэта цалкам аб’ектыўная тэндэнцыя, якая адлюстроўвае зніжэнне ўплыву праінфляцыйных фактараў і ўплыў фактараў дэзінфляцыйных”, — сказаў чыноўнік*.
Паводле яго слоў, у 2025 годзе Беларусь сутыкалася з інфляцыяй выдаткаў, якая была звязана з падвышанай інфляцыяй у Расіі, пераносам яе ў Беларусь праз імпарт расійскіх тавараў і паслуг.
Акрамя таго, на рост цэна паўплывала “падвышанасць попыту з боку насельніцтва ў сувязі з ростам даходаў і заробкаў“, заявіў Галоўчанка.
“Усе гэтыя фактары насілі праінфляцыйны характар. Цяпер мы назіраем, наадварот, уплыў дэзінфляцыйных фактараў”, — сказаў кіраўнік НБ, адзначыўшы, што цэны стрымлівала таксама рэгуляванне з боку ўрада ў дачыненні да асобных груп тавараў.
“Цяпер інфляцыйная сітуацыя досыць спакойная, — лічыць Галоўчанка. — Мы пакуль не бачым сумненняў у тым, што ўдасца выканаць устаноўлены паказчык на бягучы год: да 7% — агульны рост цэн і да 5% — базавая інфляцыя”.
Аднак, падкрэсліў чыноўнік, супакойвацца нельга, неабходна працягнуць пастаянны маніторынг цэнавай сітуацыі і ўстойлівасці дэзынфляцыйных фактараў.
26 лютага першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская заявіла дзяржСМІ, што па выніках лютага інфляцыя чакаецца на ўзроўні 0,3%.
Спажывецкія цэны ў студзені 2026 года выраслі на 0,5%. Харчовыя тавары падаражэлі на 0,6%, нехарчовыя — на 0,1%, паслугі — на 0,6%.
У параўнанні са студзенем 2025-га рост склаў 6,4%. Харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 8,6%, нехарчовыя — на 2,5%, паслугі — на 8,2%.
Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год, цэны не павінны былі вырасці больш чым на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.
Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.
Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы важнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.
У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%).
Далей нарастаючым вынікам: люты — не больш за 2%, сакавік — 2,5%, красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.
Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, згодна з вынікамі штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.
У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі роўныя 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 а.п., чаканай — на 0,5.
* Выкарыстаная апублікаваная Нацбанкам відэазапіс размовы Рамана Галоўчанкі з дзяржаўнымі СМІ ў дзень яго справаздачы перад Палатай прадстаўнікоў
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаУ 2025 годзе грузінскія ўлады адмовілі ў прытулку 22 беларусам, задаволеных хадайніцтваў няма (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія другі раз з пачатку года зафіксавала спробы нелегальных мігрантаў пранікнуць з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



