Беларусь і Тога ўвялі бязвіз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў
3 сакавіка, Позірк. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, які наведвае Тога, 2 сакавіка падпісаў двухбаковае пагадненне аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, вынікае з паведамлення прэс-службы МЗС.
У дзень падпісання пагаднення, 2 сакавіка, паведамлялася, што Аляксандр Лукашэнка ўхваліў яго праект “у якасці асновы для правядзення перамоў”.
Рыжанкоў і міністр замежных спраў, супрацоўніцтва, афрыканскай інтэграцыі і па справах тагалезцаў за мяжой Тога Робер Дзюсэ падпісалі таксама міжведамасны мемарандум аб правядзенні палітычных кансультацый.
Як заяўляецца, на перамовах з тагалезскім калегам Рыжанкоў адзначыў, што Тога “разглядаецца Беларуссю ў ліку прыярытэтных партнёраў на афрыканскім кантыненце і як важны лагістычны хаб для выхаду на рынкі краін Сахеля”.
Пры гэтым, як сцвярджае МЗС, “падчас сустрэчы тагалезскі бок праявіў асаблівую зацікаўленасць у развіцці ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы”. У адказ Рыжанкоў “падрабязна праінфармаваў суразмоўцу аб магчымасцях беларускай сістэмы адукацыі, дзейнасці Парка высокіх тэхналогій і навукова-тэхнічным патэнцыяле Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.
Беларускі бок таксама перадаў на разгляд тагалезскіх партнёраў пакет з трох праектаў галіновых пагадненняў (паміж гандлёва-прамысловымі палатамі, у галінах сельскай гаспадаркі і экспартнага крэдытавання).
У Ламэ Рыжанкоў разам з прадстаўнікамі Мінсельгасхарчу і Мінпрама Беларусі таксама “прадметна абмеркаваў перспектывы ўзаемадзеяння ў аграрным сектары” з міністрам сельскай гаспадаркі, рыбалоўства, жывёлагадоўлі і харчовага суверэнітэту Тога Антуан Лекуа Гбегбені. Паведамляецца, што апошні “выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў галіне механізацыі, ірыгацыі і стварэння сучаснай складской інфраструктуры”.
“Кульмінацыяй першага дня візіту”, паводле інфармацыі МЗС, стала “сустрэча кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства са старшынёй савета міністраў Тога Форам Эсазімнай Гнасінгбе”, якому Рыжанкоў перадаў запрашэнне Лукашэнкі наведаць Беларусь. Адзначаецца, што “запрашэнне было прынята з удзячнасцю, канкрэтныя даты візіту будуць узгодненыя па дыпламатычных каналах”.
Цяпер Беларусь і Тога не маюць дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі адна адной. Былы пасол Беларусі ў Нігерыі Вячаслаў Бяскосты з 2013 да 2018 года быў паслом у Тога па сумяшчальніцтве, пасля чаго беларускі бок не прызначаў паслоў у гэтую афрыканскую краіну.
Таксама не маюць амбасад на тэрыторыі адна адной Тога і Расія, аднак пра намер адкрыць такія ў 2026 годзе было заяўлена падчас візіту ў Маскву прэм’ер-міністра Тога, які адбыўся ў лістападзе 2025 года. Магчыма, у перспектыве амбасадар Тога ў Расіі будзе прызначаны амбасадарам па сумяшчальніцтве і ў Беларусі, як гэта практыкуе шэраг краін афрыканскага кантынента.
Згодна з інфармацыяй на сайце МЗС Беларусі, экс-міністр замежных спраў Сяргей Алейнік сустракаўся са сваім тагалезскім калегам у 2023 годзе на палях аднаго са шматбаковых мерапрыемстваў.
1 сакавіка прэс-служба МЗС Беларусі паведаміла аб пачатку візіту Рыжанкова ў Тога і Гану.
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка


