Мінск 22:18

Лукашэнка ўзнагародзіў Карпянкова за “высокую выніковасць” у ахове грамадскага парадку

Фота: onliner.by

3 сакавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка напярэдадні дня беларускай міліцыі, які адзначаецца 4 сакавіка, узнагародзіў дзесяць супрацоўнікаў МУС “за асабістыя заслугі ва ўмацаванні дзяржаўнай бяспекі, умелую арганізацыю работы і высокую выніковасць дзейнасці па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю, узорнае выкананне службовых абавязкаў”.

Згодна з адпаведным указам, як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Мікалай Карпянкоў узнагароджаны медалём “За адзнаку ў ахове грамадзянскага парадку”.

Такой самай ўзнагародай уганараваныя міліцыянер групы затрымання ўзвода міліцыі Горацкага аддзела дэпартамента аховы МУС (Магілёўская вобласць) старшы прапаршчык Сяргей Другакаў, начальнік дэпартамента выканання пакаранняў МУС генерал-маёр Алег Маткін і начальнік упраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі ГУУС Мінскага гарвыканкама палкоўнік Сяргей Ушакоў.

Ордэнам “За службу Радзіме” III ступені ўзнагароджаны начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама генерал-маёр Аляксандр Шастайла.

Медалём “За бездакорную службу” I ступені адзначаны заслугі начальніка ўпраўлення дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінскага гарвыканкама палкоўніка міліцыі Сяргея Бабіча, а таксама намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення — начальніка 1-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі МУС палкоўніка міліцыі Аляксандра Рынгевіча.

Медалём “За бездакорную службу” II ступені ўзнагароджаны старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах аддзела па раскрыцці асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў супраць асобы ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама падпалкоўнік Алег Вечар і намеснік начальніка цэнтра — начальнік аддзела арганізацыі кібербяспекі цэнтра забеспячэння кібербяспекі дэпартамента фінансаў і тылу МУС палкоўнік Ягор Парчук.

Старшы оперупаўнаважаны дэпартамента крымінальнай выведкі МУС маёр Аляксандр Івашка ўзнагароджаны медалём “За бездакорную службу” III ступені.

Падчас падзей 2020 года Карпянкоў ачольваў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК). Ён асабіста ўдзельнічаў у сілавых акцыях супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. 6 верасня 2020 года Карпянкоў разбіў дубінкай шкляныя дзверы мінскага кафэ O’Petit, у якім хаваліся ад міліцэйскага гвалту пратэстоўцы (на фота).

19 лістапада 2020 года прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі.

Знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза і шэрагу дэмакратычных краін.

Ад канца 2022 года ў складзе ўнутраных войскаў, якія ачольваюцца Карпянковым, актыўна ствараюцца новыя спецпадраздзяленні, у першую чаргу, з ліку кантрактнікаў, якія раней адслужылі ва ўнутраных войсках. Вядома не менш як пра 12 такіх падраздзяленняў.

Трэніроўкамі байцоў спецатрадаў УВ займаліся дзейныя і былыя баевікі расійскай ПВК “Вагнер”.

Падзяліцца: