Мінск 14:50

У лютым тэхагляд прайшло на 12,3% менш транспарту, чым годам раней

Ілюстрацыйнае фота: тэлеграм-канал УП "Белтэхагляд"

4 сакавіка, Позірк. У лютым 2026 года прадпрыемства “Белтэхагляд” выдала 101.887 дазволаў на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху — на 12,3% менш, чым у лютым 2025-га (116.200).

Як адзначаецца на сайце арганізацыі, фізічным асобам у мінулым месяцы выдадзена 83.906 дазволаў (88.244; -4,9%) — 81,2% усіх такіх дакументаў (82,4%; -1,2 працэнтнага пункта).

У дачыненні да электрамабіляў аформлена 1.505 дазволаў (1.227; +22,7%).

Раней “Позірк” паведамляў, што за 2025 год было выдадзена 1.761.808 дазволаў (1.510.315; +16,7% да 2024-га).

Кантроль наяўнасці дазволу на допуск ажыццяўляецца ў тым ліку ў аўтаматычным рэжыме адмысловымі тэхнічнымі сродкамі, якія маюць функцыі фота- і кіназдымкі, відэазапісу.

Згодна з ч. 4 арт. 18.11 КаАП, для ўласнікаў — фізічных асоб штраф за кіраванне транспартам без тэхагляду можа дасягаць 3 базавых велічынь (135 рублёў), юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў — 10 б.в. (450 рублёў).

Падзяліцца: