Мінск 16:30

У Польшчы затрыманыя 24 замежнікі, якія знаходзіліся ў краіне нелегальна, у тым ліку беларусы

Фота: Памежная ахова Польшчы

4 сакавіка, Позірк. На тэрыторыі трох ваяводстваў Польшчы 2 і 3 сакавіка прайшла сумесная аперацыя Памежнай аховы і паліцыі, скіраваная на барацьбу з нелегальнай міграцыяй, паведамляе памежнае ведамства гэтай краіны.

Супрацоўнікі гэтых службаў праверылі 500 замежнікаў у Любушскім, Велікапольскім і Ніжнесілезскім ваяводствах. Паводле інфармацыі ведамства, 24 чалавекі затрыманыя, яны абавязаныя вярнуцца ў краіны паходжання.

Адзначаецца, што “затрыманыя замежнікі паходзілі, у прыватнасці, з Грузіі, Беларусі, Украіны, Калумбіі і Малдовы”.

“Асноўнай прычынай распачатых вытворчасцяў стала незаконнае знаходжанне замежнікаў. Сярод затрыманых былі асобы, якія неслі пагрозу бяспецы і грамадскаму парадку, хаваліся ад праваахоўных органаў або правасуддзя, падазраваныя, а таксама абвінавачаныя ў здзяйсненні злачынстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.

24 лютага польская Памежная ахова паведамляла, што з 16 па 22 лютага Польшчу добраахвотна пакінулі 17 грамадзян Беларусі, якія нелегальна знаходзіліся ў ёй, прымусова дэпартаваных не было. Тыднем раней самастойна краіну пакінулі 16 беларусаў, прымусова — 3.

У 2025 годзе Памежная ахова Польшчы выканала больш за 9,4 тыс. рашэнняў, якія прадпісваюць замежнікам пакінуць тэрыторыю краіны ў добраахвотным або прымусовым парадку, паведамляў раней партал Onet.pl, які атрымаў адпаведныя даныя ў адказ на свой зварот у ведамства.

Грамадзян Беларусі тычылася амаль 1,3 тыс. (медыя аперавала прыблізнымі лічбамі), ці крыху менш за 14% усіх рашэнняў. Адзначалася, што з гэтай колькасці “каля 130” беларусаў было выслана прымусова (прыкладна 10%).

Згодна з прадстаўленымі ў матэрыяле данымі, за 2024 год (у гэтым выпадку выкарыстаныя дакладныя лічбы) з Польшчы дэпартавалі 1.377 грамадзян Беларусі, у тым ліку ў прымусовым парадку — 66.

Такім чынам, агульная колькасць высланых з польскай тэрыторыі беларусаў у гадавым вымярэнні крыху знізілася, але колькасць прымусова дэпартаваных вырасла прыкладна ўдвая.

На кастрычнік 2025 года ў Польшчы было легалізавана сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі, заявіла 12 снежня 2025 года ў Вільнюсе юрыст Алеся Пажыток, які спецыялізуецца на міграцыйным праве.

Эксперт падкрэсліла, што гэтыя даныя не ўлічваюць беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне на падставе віз, знаходзяцца ў чаканні дазволу на жыхарства або рашэння пра наданне міжнароднай абароны.

Спаслаўшыся на даныя афіцыйнай статыстыкі, яна адзначыла, што часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы на ​​кастрычнік мела каля 91 тыс. беларусаў (на гуманітарных падставах, паводле працы, навучання, уз’яднання сям’і, прадпрымальніцтва ды інш.), сталы — каля 42 тыс. (з улікам асоб, якія мелі сталае месца жыхарства да 2020 года, а таксама пасля 2020-га, але з “картамі паляка”, польскімі каранямі ды інш.).

Падзяліцца: