Мінск 14:00

КДБ дадаў у спіс “тэрарыстаў” траіх беларусаў і чацвярых суданцаў

Будынак КДБ у Мінску
Ілюстрацыйнае фота: Sputnik

5 сакавіка, Позірк. Тры грамадзяніны Беларусі і чатыры грамадзяніны Судана ўключаныя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў абноўлены спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Падставай уключэння ў спіс суданцаў стала іх знаходжанне ў санкцыйным спісе Савета бяспекі ААН, беларусаў — вынясенне ў дачыненні да іх і ўступленне ў сілу прысудаў паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Глеб Рыбчанка асуджаны паводле арт. 289, 2904, ч. 4 арт. 309 і арт. 361 КК, Віталь Абадзенка — арт. 2905 КК, Дзмітрый Каліноўскі — арт. 361 КК.

Рыбчанка і Абадзенка былі ўключаныя МУС у спіс “экстрэмістаў” 20 лютага, Каліноўскі — 27 лютага.

Абадзенка 25 лютага быў прызнаны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітвязнем. Паводле даных праваабаронцаў, ён, верагодна, асуджаны за намер ваяваць на баку Украіны.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, цяпер у спісе “тэрарыстаў” знаходзіцца 1.424 чалавекі, каля 700 з іх — беларусы.

Даведка “Позірку”:

арт. 289 — акт тэрарызму;

арт. 2904 — стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй;

2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;

арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;

 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусі.

Падзяліцца: