Мінск 04:14

МЗС Азербайджана падзякаваў у тым ліку Беларусі за салідарнасць пасля атакі іранскіх БПЛА, Расія не згаданая

6 сакавіка, Позірк. МЗС Азербайджана ўключыла афіцыйны беларускі сцяг у інфаграфіку да свайго паведамлення з удзячнасцю за салідарнасць пасля атакі іранскіх дронаў у Нахічавані.

Агулам размешчана 40 сцягоў дзяржаў і шэсць эмблем міжнародных арганізацый: ААН, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, Арганізацыі цюркскіх дзяржаў, ГУАМ, Еўрасаюза і Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны. Расійскага сярод сцягоў няма.

“Выказваем шчырую падзяку за заявы аб падтрымцы, лісты і тэлефонныя званкі, атрыманыя ад нашых міжнародных партнёраў пасля ўдараў іранскіх беспілотнікаў па тэрыторыі Рэспублікі Азербайджан. Высока шануем праяўленую салідарнасць з Азербайджанам і дакладнае пацвярджэнне падтрымкі суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці межаў нашай краіны. Дзякуем усе краіны і міжнародныя арганізацыі, якія падтрымалі Азербайджан у гэты няпросты час, і шануем іх нязменную падтрымку і ўдзел“, — заявіла МЗС краіны.

6 сакавіка Мінск і Баку правялі дзве тэлефонныя размовы — на ўзроўні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў і прэм’ер-міністраў. Мяркуючы па афіцыйных прэс-рэлізах, беларускія ўлады, нягледзячы на сяброўскія адносіны з Іранам, прынялі бок Азербайджана.

Паводле інфармацыі беларускага МЗС, яго кіраўнік Максім Рыжанкоў патэлефанаваў Джэйхуну Байрамаву і “выказаў словы шчырай падтрымкі“ кіраўніцтву Азербайджана і “сяброўскаму азербайджанскаму народу“.

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын у гутарцы з Алі Асадавым выказаў занепакоенасць у сувязі з ударам іранскіх дронаў і “шчырую падтрымку на адрас кіраўніцтва <…> і сяброўскага азербайджанскага народа”.

5 сакавіка іранскія беспілотнікі нанеслі ўдары па горадзе Нахічавань у Азербайджане, у выніку траплення аднаго дрона пацярпеў будынак аэрапорта, другі ўпаў каля будынка школы ў вёсцы Шакерабад.

Урад Азербайджана выказаў пратэст у сувязі з нападамі і запатрабаваў ад Тэгерана “даць тлумачэнні па гэтым пытанні і ўжыць неабходныя тэрміновыя захады для прадухілення паўтарэння падобных інцыдэнтаў у будучыні“. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў назваў атаку на Нахічавань “тэрарыстычным актам”.

Іран абверг сваё дачыненне да ўдару, але паабяцаў правесці расследаванне.

Увечары 6 сакавіка ўлады Азэрбайджана паведамілі пра прадухіленьне тэрактаў, якія нібыта рыхтаваў на тэрыторыі краіны іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, у тым ліку на нафтаправодзе, у дачыненні да амбасады Ізраілю і сінагогі.

Раніцай 28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоваў па ядзернай праграме Тэгерана пачалі ваенную аперацыю “Рык льва“ супраць рэжыму аятол у Іране. Вярхоўны лідар Хаменеі, які знаходзіўся ва ўладзе з 1989 года, быў забіты на пачатку аперацыі.

Падзяліцца: