ЕС працягне чыніць ціск на рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць народ Беларусі

7 сакавіка, Позірк. Еўрасаюз захавае ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку праз мэтавыя абмежавальныя захады, адначасова працягнуўшы падтрымліваць народ Беларусі. Прыхільнасць да такога падыходу была пацверджаная 6 сакавіка ў Бруселі на 6-м пасяджэнні Кансультатыўнай групы ЕС, беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.
Паводле інфармацыі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД), ЕС “пацвердзіў сваю цвёрдую падтрымку беларускаму народу і яго імкненню да дэмакратычнай, незалежнай і суверэннай Беларусі”.
На пасяджэнні абмяркоўваліся “апошнія падзеі ў Беларусі”, у тым ліку яе “супраца з Расіяй і залежнасць ад той”, а таксама “роля рэжыму ў падтрымцы расійскай агрэсіўнай вайны супраць Украіны”. Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі агульную мэту, якая заключаецца ў “свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як частцы мірнай і квітнеючай Еўропы”.
“Кансультатыўная група таксама разгледзела цяперашнюю сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, уключаючы тое, што ў няволі працягвае знаходзіцца амаль 1.150 палітзняволеных, — гаворыцца ў паведамленні. — Удзельнікі падкрэслілі неабходнасць таго, каб тыя былі неадкладнага і безумоўна вызваленыя, а вінаватыя ў сістэмных рэпрэсіях — прыцягнутыя да адказнасці”.
“Яны абмеркавалі нядаўнія вызваленні палітвязняў і праблемы, звязаныя з іх прававым статусам і рэінтэграцыяй у грамадства. ЕС працягне дапамагаць ахвярам рэпрэсій, уключаючы палітвязняў і іх сем’і, у выглядзе падтрымкі пры рэлакацыі, юрыдычнай, медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі праз механізм Victims Facility”, — падкрэсліла ЕСЗД.
Заяўлена, што ўдзельнікі сустрэчы “падвялі вынікі канкрэтных захадаў па ўмацаванні дэмакратычнай устойлівасці, у тым ліку ў кантэксце [ініцыятывы] EU Democracy Shield, а таксама праз пашыраную падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных беларускіх СМІ, ініцыятыў CivicTech, мабільнасці моладзі і доступу да адукацыі ў ЕС”.
“Ад моманту сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Еўрасаюз мабілізаваў 200 млн еўра для падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларускага народа. ЕС застаецца прыхільным падтрымцы незалежных беларускіх СМІ і грамадзянскай супольнасці, а таксама дасягненню справядлівасці для ахвяр прыгнёту і прыцягнення да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека”, — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі ЕСЗД, на палях пасяджэння віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас і камісар па пытаннях пашырэння ЕС Марта Кос сустрэліся з кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святланай Ціханоўскай, яе намеснікам у АПК, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам, а таксама экс-палітвязнямі — прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктарам Бабарыкам і прадстаўніцай яго штаба Марыяй Калеснікавай.
Згаданыя еўрапейскія чыноўніцы, як адзначана, “зноў пацвердзілі нязменную падтрымку ЕС дэмакратычнай будучыні Беларусі”.
Кос на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х адзначыла, што “беларускія змагары за свабоду” Калеснікава і Бабарыка “вышлі на волю пасля многіх гадоў зняволення” і змаглі наведаць яе офіс у Бруселі разам з Ціханоўскай. “Я спытала Марыю, як яна давала рады ў незаконным зняволенні, і яна сказала, што заўсёды заставалася “вольнай у думках”. Мы працягнем падтрымліваць дэмакратычную справу Беларусі, дамагаючыся вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій”, — падкрэсліла еўракамісар.
У адказ на гэтае паведамленне Ціханоўская падзякавала Кос за “прынцыповую падтрымку і салідарнасць з беларускім народам”. “Разам з нашымі еўрапейскімі партнёрамі і сябрамі мы працягнем працаваць над вызваленнем усіх палітвязняў, спыненнем рэпрэсій і пабудовай свабоднай Беларусі”, — напісала палітык.
Зазулінская заклікала Еўропу заняць ясную пазіцыю па прымусовым выгнанні былых палітвязняў
Латушка: Мы пабудавалі палітычны суб’ект за мяжой
Ключавым фактарам у вызначэнні будучыні Беларусі застаецца пазіцыя яе народа — Ціханоўская
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа гады кіравання Лукашэнкі колькасць збожжаўборачных камбайнаў і трактароў у аграсектары зменшылася ўтрая (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- У першую пяцідзёнку сакавіка актыўнасць нелегальных мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, фіксавалася толькі ля мяжы з ЛатвіяйМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаДваім грамадзянам Беларусі ў лютым прадастаўлены статус уцекача ў Літве (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка



