Мінск 23:13

Мужчына, які спрабаваў праглынуць марыхуану на мяжы, узяты пад варту з улікам “цяжару злачынства” — пракуратура

Архіўнае фота: прэс-служба ДМК

7 сакавіка, Позірк. Пракуратура Гродзенскай вобласці раскрыла некаторыя падрабязнасці нядаўняга затрымання на мяжы грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў незаўважна правезці марыхуану.

На пачатку сакавіка прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта паведаміла, што ў пункце пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай) затрыманы 46-гадовы беларус. Як сцвярджалася, мужчына, спалохаўшыся, што “наркотык знойдуць”, “дастаў скрутак з заплечніка і спрабаваў яго праглынуць”, але яму перашкодзілі мытнікі. Пасля экспертыза вызначыла, што ён вёз марыхуану.

У дачыненні да грамадзяніна распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 3281 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і (або) дзяржмяжу Беларусі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў), пракурор санкцыянаваў заключэнне яго пад варту.

6 сакавіка абласная мытня паведаміла, што гэты выпадак здарыўся ў лютым. Затрыманы — жыхар Віцебска. Выяўленая пры ім марыхуана была ў поліэтыленавым пакунку, а яе маса — 0,7 грама.

Адзначаецца, што пракурор санкцыянаваў меру стрымання “з улікам абставін і цяжкасці злачынства, а таксама асобы падазраванага”.

Падзяліцца: