Статкевіч: Сотні палітзняволеных, нягледзячы на здзекі і катаванні, не падпісалі прашэнне аб памілаванні

12 сакавіка, Позірк. Для недэмакратычнай улады “важна найперш зламаць і прымусіць саступіць ім людзей вядомых, каб прыклад іх скарэння аказаў найбольшае ўздзеянне на дэмаралізацыю грамадства”. Такую думку выказаў былы палітвязень Мікалай Статкевіч у сваёй прамове, падрыхтаванай для цырымоніі яго ўзнагароджання прэміяй Homo Homini 11 сакавіка ў Празе (Чэхія).
Тэкст зачытала жонка Статкевіча Марына Адамовіч. Сам ён знаходзіцца ў Беларусі, дзе аднаўляецца пасля інсульту.
Недэмакратычныя рэжымы, адзначыў Статкевіч, імкнуцца не дапусціць любых публічных праяваў нязгоды з іх палітыкай. Яны “жорстка падаўляюць гэтыя праявы, каб у грамадства было ўражанне ўсеагульнай згоды і падтрымкі ўладаў”. Калі такой падтрымкі няма і людзі пра тое ведаюць, “тады рэжым спрабуе укараніць у свядомасць грамадства думку, што любы супраціў не мае сэнсу, што ўлада здольна любога размазаць у брудную пляму, што супрацьстаяць гэтаму немагчыма”.
“Калі мы саступаем злу — мы робім сілы зла больш моцнымі і аслабляем дабро, бо, з аднаго боку, даем сілам зла доказ іх усемагутнасці і ствараем у іх ілюзію беспакаранасці і ўпэўненнасці ў сваёй чорнай справе”, — адзначыў палітык. З другога боку, паводле слоў Статкевіча, “нашыя саступкі злу даюць усяму грамадству сігнал аб безнадзейнасці супраціву”.
“Тут працуе і зваротнае: ведаю, што сотні палітзняволенных Беларусі, негледзячы на здзекі і катаванні, так і не прызналі віну і не падпісалі прашэнне аб памілаванні. Нават узамен на абяцанне вызвалення”, — падкрэсліў былы палітвязень. Гэта, на яго думку, “дае прыклад нам усім на волі і сведчыць пра высокі маральны дух беларускй нацыі і стойкасць нашага народа”.
“Для тых, хто яшчэ знаходзіцца ў зняволенні, важна адчуваць, што яны не самотныя ў сваёй барацьбе, што на іх баку ўвесь вольны свет”, — падкрэсліў палітык.
Статкевіч падзякаваў за ўзнагароду, бо яна — “сведчанне прызнання мужнасці і стойкасці тых, хто і зараз пад неверагодным ціскам захоўвае сваю годнасць, гонар і сумленне, хто ў адзіночку вядзе сваю невядомую свету барацьбу супраць бязлітаснай машыны падаўлення, не саступаючы злу”.
“Разам мы больш моцныя за зло і разам мы пераможам. Беларусь будзе вольнай”, — падкрэсліваецца ў прамове палітыка.
Прэмія Статкевічу Homo Homini за “нязломную мужнасць і выключны ўнёсак у дэмакратычны рух у Беларусі” была ўручана на адкрыцці 28-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Jeden svět. Яе штогод прысуджае чэшская арганізацыя People in Need, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, абаронай правоў чалавека і падтрымкай дэмакратычных каштоўнасцяў. Узнагарода ўручаецца з 1994 года.
Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля з Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму.
11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 вязень былі вызваленыя ў межах угоды паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.
Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Да лістапада яго лёс і месцазнаходжанне былі невядомымі.
Напрыканцы лістапада “Вясна” паведаміла, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, паводле якога палітвязень “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прыгаворам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было пазначанае.
19 лютага Марына Адамовіч паведаміла пра тое, што Статкевіч знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту.
20 лютага прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант паведаміла, што той прыняў рашэнне аб вызваленні на просьбу сваякоў Статкевіча.

- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаДа 2030 года плануецца адрамантаваць 25 тыс. км дарог — Мінтранс (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваЗа апошнія тры дні на беларускіх метэастанцыях зафіксавана 14 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа першую дэкаду сакавіка суседнія краіны ЕС зафіксавалі 23 спробы нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі, з пачатку года — амаль 150 (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ЭканомікаАграсэрвісныя арганізацыі выпускаюць больш за 600 найменняў запчастак для імпартнай тэхнікі — ГалоўдзяржтэхнаглядМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства

