Мінск 12:14

На саміце ЕНП у Брусэлі Ціханоўская сустрэлася з фон дэр Ляен, Мерцам і Тускам

Святлана Ціханоўская і Дональд Туск падчас сустрэчы ў Капенгагене 2 кастрычніка 2025 года
Фота: канцылярыя Туска

19 сакавіка, Позірк. “Я прымаю ўдзел у саміце Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), які праходзіць напярэдадні пасяджэння Еўрапейскага савета”, — паведаміла 19 сакавіка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Я ўжо пагаварыла са [старшынёй Еўракамісіі] Урсулай фон дэр Ляен, канцлерам [Германіі Фрыдрыхам] Мерцам, прэм’ерам [Польшчы Дональдам] Тускам”, — адзначыла палітык.

Паводле яе слоў, у згаданых размовах абмяркоўваліся “амерыканскі гуманітарны трэк вызвалення [палітвязняў]”, а таксама “шляхі як дамагчыся поўнага спынення рэпрэсій і перамен”.

“Абмяркоўвалі таксама новае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда за злачынствы [рэжыму Аляксандра Лукашэнкі] супраць чалавечнасці, і падтрымку для беларускіх СМІ”, — дадала Ціханоўская.

“Вядома, цяпер у цэнтры ўвагі Іран і падзеі на Блізкім Усходзе, але мы робім усё магчымае, каб Беларусь заставалася на парадку дня”, — падкрэсліла яна.

Пра ўдзел дэмлідара ў пашыраным саміце ЕНП у Брусэлі, прысвечаным 50-годдзю партыі, стала вядома напярэдадні.

18 сакавіка на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 50-годдзя ЕНР Ціханоўская заявіла, што “для беларусаў Еўрапейская народная партыя ўяўляе нешта большае, чым проста найбуйнейшую палітычную сям’ю ў Еўропе”. “Яна ўвасабляе каштоўнасці, за якія мы змагаемся, — дэмакратыю, еўрапейскі выбар і павагу правоў чалавека”, — адзначыла палітык.

“Пяцьдзесят гадоў ЕНП — гэта пяцьдзесят гадоў пабудовы больш моцнай і свабоднай Еўропы. Мы спадзяемся, што аднойчы дэмакратычная Беларусь стане паўнапраўным членам гэтай еўрапейскай сям’і”, — падкрэсліла Ціханоўская.

На з’езды ЕНП Ціханоўская запрашалася ў 2022, 2024 і 2025 гадах.

У рамках цяперашняга візіту ў Бельгію дэмлідар наведае Бруге, дзе выступіць у каледжы Еўропы, які займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў па справах Еўрасаюза.

МКС распачаў расследаванне на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі злачынстваў супраць чалавечнасці (дапоўнена)

12 сакавіка, Позірк. Міжнародны крымінальны суд (МКС) распачаў расследаванне на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці. Паводле інфармацыі на сайце суда, офіс пракурора МКС адкрыў расследаванне, бо прыйшоў да наступнай высновы: "Існуюць разумныя падставы …

Падзяліцца: