Мінск 17:01

Беларусь накіравала ЗША свае прапановы па “вялікай здзелцы” — Лукашэнка

Ілюстрацыя: cottonbro studio / pexels.com

20 сакавіка, Позірк. Беларусь накіравала ЗША свае прапановы па “вялікай здзелцы”, заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам дзяржСМІ 20 сакавіка.

“Амерыканцы падчас перамоваў ад імя Трампа прапанавалі заключыць “вялікую здзелку”, дзе будуць адлюстраваныя шэраг пытанняў, якія на парадку дня нашых перамоваў, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Я што, адмаўляцца буду? Не тое што я ўжо там шчаслівы. Але для Беларусі гэта важна, і для мяне ў тым ліку. Таму я сказаў: “Я гэта нармальна ўспрымаю. Перадайце Дональду, што я згодны гэтую “вялікую здзелку” падрыхтаваць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, “адпаведныя прапановы прапрацоўваюцца” амерыканскім бокам.

Ён адзначыў, што на парадку дня таксама “праца амбасадаў” і тэма “ядзерных матэрыялаў”. “Вы ж ведаеце, што ў нас гэтых ядзерных матэрыялаў нямала. Пад кантролем, як калісьці дамовіліся. МАГАТЭ бачыць, дзе мы захоўваем гэтыя ядзерныя матэрыялы. Гэта таксама для іх цікава ў плане нераспаўсюджвання зброі”, — удакладніў прамоўца.

Упершыню Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да “вялікай здзелкі” з ЗША 14 кастрычніка 2025 года на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх адносін.

31 кастрычніка ён заявіў падчас паездкі ў Лепельскі раён Віцебскай вобласці, што гатовы да “вялікай здзелкі” з ЗША, але пры ўмове выканання “сваіх інтарэсаў”. Пры гэтым Лукашэнка выразна не акрэсліў, у чым гэтыя інтарэсы заключаюцца.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў 14 кастрычніка 2025 года, што калі Лукашэнка хоча “вялікай здзелкі” з ЗША і рэальнага дыялогу з ЕС, якія маглі б прывесці да зняцця санкцый, ён павінен выканаць шэраг патрабаванняў.

Гэта не толькі спыненне рэпрэсій, вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, але і “дэкрыміналізацыя грамадскага жыцця”, якая прадугледжвае зняцце з апанентаў улады статусаў “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, спыненне завочных судоў і рэабілітацыя ўжо асуджаных.

Рэжым Лукашэнкі, на думку палітыка, таксама павінен спыніць экстэрытарыяльны пераслед, скасаваць так званы “пашпартны ўказ”, які пазбаўляе грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, магчымасці атрымаць або абмяняць пашпарт і аформіць большасць тыпаў даверанасцяў.

23 кастрычніка 2025 года галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў у эфіры “Обычного утра”, што новая ідэя Лукашэнкі аб “вялікай здзелцы” з ЗША “мяняе ўвесь фармат” і можа “нашкодзіць працэсу перамоў аб вызваленні палітвязняў”. Але гэты працэс не спыняецца, сказаў дарадца.

Паводле яго слоў, ставіцца ўмова, каб палітвязняў, вызваленых у рамках перамоваў з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі, і сем’і гэтых вязняў не пераследавалі.

У выніку сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 засталася ў Беларусі, а 15 былі адпраўленыя ў Літву.

Былі дэпартаваныя ў суседнюю краіну Кацярына Бахвалава (Андрэева), Кірыл Казей, Аляксандр Казлянка, Дзмітрый Кубараў, Мікалай Куляшоў, Анастасія Лойка, Сяргей Маўшук, Аляксей Мельнікаў, Эдуард Пальчыс, Марфа (Марыя) Рабкова, Кім Самусенка, Павел Шпетны, Валянцін Стэфановіч, Дзяніс Жалязко і Мікіта Залатароў.

ЗША разлічваюць “дамагчыся большага” ў перамовах з Мінскам па пытаннях вызвалення палітычных зняволеных, заявіў спецпрадстаўнік амерыканскага прэзідэнта па Беларусі Джон Коўл у каментарыі Newsmax.

Ён выказаў надзею, што да канца года амерыканскі бок зможа вызваліць усіх палітвязняў.

Аб зняцці амерыканскіх санкцый з ААТ “Белінвестбанк”, ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” і Міністэрства фінансаў паведаміла па выніках перамоў прэс-служба Лукашэнкі.

Падзяліцца: