Мінск 11:54

Улады Мінска падвышаюць кошт праезду ў грамадскім транспарце, з мінулага падаражання не прайшло нават года

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

21 сакавіка, Позірк. Кошт праезду ў грамадскім транспарце сталіцы 27 сакавіка павялічыцца на 15 капеек, адпаведнае рашэнне прыняў Мінгарвыканкам.

Прэс-служба гарадскіх уладаў паведаміла, што кошт праезду ў аўтобусах, тралейбусах і трамваях складзе 1,1 рубля, метро — 1,15 рубля. Агульны праязны дакумент з месячным тэрмінам дзеяння будзе каштаваць 65,84 рублі.

“Нагадаем, што сабекошт паездкі ў наземным транспарце — 3,71 руб., у метрапалітэне — 2,93 руб. Акупнасць транспартных прадпрыемстваў [складае] 29% і 43% адпаведна. Усё астатняе датуецца з бюджэту Мінска”, — гаворыцца ў паведамленні.

Кошт праезду ў прыгарадным транспарце вырасце на 3 капейкі і складзе 14 капеек за 1 км шляху.

Акрамя таго, вызначаны “гранічны тарыф на перавозкі пасажыраў маршрутнымі таксі ў сталіцы” — 3,3 рубля. Падкрэслена, што гэты ліміт “абавязковы для ўсіх перавозчыкаў”, вышэйшым кошт “быць не можа”.

Гранічны кошт на маршрутныя зносіны паміж Мінскам і Заслаўем вызначаны на ўзроўні 5 рублёў.

Папярэдні раз праезд у сталіцы даражэў менш за год таму — 10 красавіка 2025-го. Тады кошт разавай паслугі наземнага транспарту вырас да 95 капеек, метро — да 1 рубля. Да таго праезд стаў даражэй у траўні 2022 года — кошты былі павялічаныя на 10 капеек.

Падзяліцца: