Мінск 22:30

Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі па тэлефоне эканамічную супрацу, сітуацыю ў рэгіёне і міжнароднае становішча

Архіўныя фота: president.gov.by, kremlin.ru / калаж: "Позірк"

21 сакавіка, Позірк. Супрацу ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, рэалізацыю “сумесных узаемавыгадных праектаў” абмеркавалі па тэлефоне ўвечары 21 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба апошняга.

З чыёй ініцыятывы адбылася размова, не ўдакладняецца.

“Асаблівы акцэнт быў зроблены на неабходнасці больш хуткай практычнай рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у лютым на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўлена, што бакі таксама абмеркавалі “найбольш актуальныя пытанні міжнароднай абстаноўкі, сітуацыю ў рэгіёне”.

Прэс-служба расійскага прэзідэнта пра размову пакуль не паведамляла.

Пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета СД адбылося 26 лютага ў Маскве. На ім, у прыватнасці, была падпісаная дырэктыва № 1 “Аб узаемнай падтрымцы і супрацы ў галіне міжнароднага правасуддзя”.

Гэты дакумент сярод іншага прадпісвае міністэрствам замежных спраў Беларусі і Расіі “сумесна вызначаць і рабіць захады па недапушчэнні выканання тых рашэнняў міжнародных і замежных органаў крымінальнага пераследу, судоў і арбітражоў, якія супярэчаць міжнароднаму праву”, наносяць шкоду Мінску і Маскве, а таксама “правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян і правам і законным інтарэсам юрыдычных асоб дзвюх дзяржаў”.

Праз два тыдні, 12 сакавіка, Міжнародны крымінальны суд (МКС) абвясціў, што распачаў расследаванне па матэрыялах Літвы пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці. Офіс пракурора МКС адкрыў гэтае расследаванне, бо прыйшоў да наступнай высновы: “Існуюць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы, якія трапляюць пад дзеянне Рымскага статута МКС, былі здзейсненыя прынамсі часткова на тэрыторыі Літвы”. Апошняя, у адрозненне ад Беларусі, з’яўляецца ўдзельніцай МКС.

Мандат расследавання “ахоплівае трансгранічныя злачынствы — любыя мінулыя і цяперашнія абвінавачанні ў злачынствах, здзейсненых з 1 траўня 2020 года ў Беларусі, калі прынамсі адзін элемент злачынства быў здзейснены на тэрыторыі Літвы, у адпаведнасці з параметрамі звароту і рамкамі юрысдыкцыі суда”.

“Такім чынам, новае расследаванне ўключае злачынствы супраць чалавечнасці, такія як дэпартацыя, а таксама пераслед з дапамогай дэпартацыі ў дачыненні да любой вызначанай групы або супольнасці з палітычных матываў, якія, як мяркуецца, былі здзейсненыя беларускімі ўладамі. Гаворка ідзе пра злачынствы, якія трапляюць пад артыкул 7(1)(d) і артыкул 7(1)(h) Рымскага статута”, — гаварылася ў паведамленні суду.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выказаў меркаванне, што МКС можа “ў любы момант” выдаць ордар на арышт Лукашэнкі.

Падзяліцца: