Мінск 17:12

Былы кіраўнік Віцебскай вобласці Субоцін стаў міністрам па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК

23 сакавіка, Позірк. Былы старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін рашэннем Вышэйшай еўразійскай эканамічнай рады прызначаны сябрам Калегіі (міністрам) па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), паведамляе яе прэс-служба.

Указ аб адстаўцы 49-гадовага чыноўніка падпісаў 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка, як паведамляла ягоная прэс-служба, “паабяцаў загрузіць [яго] на ўсю шпульку“.

На новай пасадзе Субоцін змяніў таксама прадстаўніка Беларусі Валянціна Татарыцкага, які працаваў на пасадзе з 1 лютага 2024 года.

Усяго ў склад калегіі ЕЭК уваходзіць дзесяць чалавек (па два ад кожнай дзяржавы —члена ЕАЭС). Акрамя Субоціна ад Мінска ў ёй працуе Максім Ермаловіч — былы міністр фінансаў. Ён быў прызначаны на пасаду міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ў адзін час з Татарыцкім.

У 2020-2024 гадах кіраўніком ЕЭК з’яўляўся былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Цяпер орган узначальвае Бактыжан Сагінтаеў (Казахстан).

ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), а таксама Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).

У Вышэйшую еўразійскую эканамічную раду ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў.

Краіны-назіральнікі – Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Сербія і Сінгапур.

Падзяліцца: