Мінск 14:50

27 злачынстваў зафіксавала МУС у перыяд “падрыхтоўкі і правядзення пасяўной кампаніі”, у асноўным гэта хабарніцтва і крадзёж гаручага

26 сакавіка, Позірк. У перыяд “падрыхтоўкі і правядзення пасяўной кампаніі” супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў сканцэнтраваныя на “прадухіленні злачынных замахаў на таварна-матэрыяльныя каштоўнасці сельгаспрадпрыемстваў, забеспячэнне захаванасці і працоўнага стану тэхнікі”, паведаміла 26 сакавіка прэс-служба МУС.

Адзначаецца, што ўжо выяўлена 27 злачынстваў.

Паводле слоў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (ГУБЭЗ) МУС Юрыя Піцко, большасць злачынстваў — крадзёж гаруча-змазачных матэрыялаў і хабарніцтва.

Прадстаўнік МУС паведаміў, што ў адной з арганізацый Лагойскага раёна (Мінская вобласць) галоўны інжынер атрымліваў грошы за выбар фірмаў-падрадчыкаў для рамонту тэхнікі і пастаўкі запчастак. У Брэсцкай вобласці ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да трактарыста, які выкраў каля паўтары тоны дызпаліва.

Паведамляецца, што за дробныя крадзяжы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 39 чалавек, зафіксаваныя 32 выпадкі “незаконнага абарачэння нафтавага вадкага паліва”, 6 фактаў кіравання транспартам кіроўцамі аграпрадпрыемстваў у стане ап’янення.

Усім фактам супрацьпраўнай дзейнасці “даецца прынцыповая ацэнка”.

У МУС паведамілі, што ў кожным раёне Беларусі сфарміраваныя мабільныя групы, якія штодня, у тым ліку ў начны час, “правяраюць захаванасць маёмасці”.

Агулам у вясновай пасяўной кампаніі будзе ўдзельнічаць 75 тыс. адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і абсталявання, якім спатрэбіцца 200 тыс. тон паліва, паведаміў 11 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік Галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання (Галоўдзяржтэхнагляд) Мінсельгасхарча Станіслаў Карповіч.

“Для забеспячэння бесперапыннасці тэхналагічнага працэсу”, як адзначыў Карповіч, неабходна дадатковае прыцягненне 2.400 чалавек, каб “забяспечыць цалкам загрузку, у тым ліку энерганасычаных трактароў у дзве змены, таму будзе прыцягнута 1.000 чалавек з прамысловых прадпрыемстваў, 660 практыкантаў, студэнтаў з прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, вышэйшых навучальных устаноў і іншых арганізацый, а таксама больш за 1.000 чалавек па грамадзянска-прававых дагаворах”.

Падзяліцца: