Мінск 19:35

Затрыманая 21-гадовая замежніца — закладчыца наркотыкаў

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

30 сакавіка, Позірк. Супрацоўнікі сталічнага наркакантролю затрымалі 21-гадовую замежніцу, якая працавала закладчыцай наркотыкаў, заяўляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, дзяўчына знайшла “злачынную падпрацоўку ў мэсэнджары каля месяца таму”.

“Куратары прапанавалі ёй рабіць закладкі на тэрыторыі Беларусі, абяцаючы вялікі заробак і канфідэнцыяльнасць, — гаворыцца ў паведамленні. — Наймальнік аплаціў праезд і арэнду жытла ў Мінску. Родным дзяўчына сказала, што будзе працаваць камплектавальніцай на маркетплэйсе”.

У замежніцы і ў схованках знойдзена і вынята каля 600 г “асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў” — “Альфа-PVP” і мефедрон.

Распачатая крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Затрыманай пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У лістападзе 2024 года аб’яднанне BelPol, спасылаючыся на аналітычную даведку МУС, якая трапіла ў яе распараджэнне, адзначала, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца РФ.

Як паведамляў “Позірк”, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, ці 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: