Мінск 20:58

Ціханоўская: Умацоўваючы беларускую супольнасць, ўмацоўваем праеўрапейскія настроі беларусаў

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

30 сакавіка, Позірк. Беларусы — у адрозненні ад жыхароў Расіі — “не маюць імперскіх амбіцый”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 30 сакавіка ў Сейме Літвы на адкрыцці круглага стала “Беларусь і Літва: выклікі і/або магчымасці”.

Паводле яе слоў, беларусы ад самага пачатку супраціўляліся вайне Расіі супраць Украіны; большасць “падтрымлівае дэмакратычныя змены і еўрапейскую будучыню”.

“Відавочна, што [Аляксандр] Лукашэнка і яго рэжым не могуць быць вашымі партнёрамі, — звярнулася палітык да ўдзельнікаў сустрэчы — прадстаўнікоў шэрагу еўрапейскіх краін. — Але беларускі народ можа. Мы вашыя саюзнікі. Асабліва беларусы ў Літве — яны лаяльныя да вашай краіны, яны прадэмакратычныя, і яны мараць вярнуцца дадому, як толькі з’явіцца такая магчымасць. Да таго часу мы разлічваем на Літву: спадзяемся, што вы будзеце падтрымліваць беларусаў і не будзеце ставіць іх у адзін шэраг з расіянамі”.

“Умацоўваючы беларускую супольнасць, мы таксама ўмацоўваем праеўрапейскія настроі беларусаў. А гэта крытычна неабходна, каб у патрэбны момант Беларусь магла хутка вярнуцца ў еўрапейскую прастору і далучыцца да Еўрапейскага саюза. І рыхтавацца да гэтага трэба ўжо цяпер. Толькі свабодная, незалежная, еўрапейская Беларусь, без расійскага кантролю, зможа гарантаваць бяспеку Літве, Польшчы, Латвіі і Украіне”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Дэмлідар канстатавала, што рэжым Лукашэнкі “заўжды будзе ствараць пагрозы для суседзяў”, бо “служыць Расіі”: “Яму нельга давяраць і яго нельга ўлагодзіць. Ён ужо не раз падманваў Літву, Польшчу і Еўрасаюз — і зробіць гэта зноў”.

“І таму я заклікаю вас захоўваць прынцыповую паслядоўную пазіцыю — не прызнаваць рэжым і працягваць ціск. Пакуль не выйдуць усе палітвязні, не спыняцца гібрыдныя правакацыі і ўдзел у расійскай вайне супраць Украіны. Сам факт таго, што рэжым пачаў вызваляць палітычных закладнікаў і нават вяртаць вашы грузавікі — гэта таксама вынік ціску”, — лічыць яна.

Ціханоўская выказала шчырую падзяку адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і яго спецпрадстаўніку па Беларусі Джону Коўлу за “паспяховую гуманітарную аперацыю па вызваленні часткі палітвязняў” і выказала спадзеў на тое, што “ўжо сёлета ўсе вязні будуць вызваленыя”. Разам з тым, упэўненая яна, “без санкцый, без цвёрдай пазіцыі Еўропы цягам усіх гэтых гадоў гэта было б немагчыма”.

“Еўропа павінна прынцыпова стаяць у абароне сваіх каштоўнасцяў і не ісці на саступкі дыктатару, — заявіла дэмлідар. — Безумоўна, вызваленне вязняў — наш прыярытэт. Але мы павінны таксама дамагчыся поўнага спынення рэпрэсій. Патрэбная поўная амністыя, каб тысячы беларусаў у Польшчы і Літве маглі бяспечна вярнуцца дадому. І мы павінны на гэтым настойваць, а не заахвочваць дыктатара браць новых закладнікаў”.

Паводле яе слоў, неабходна таксама “дамагацца адказнасці рэжыму”, бо “няма свабоды без справядлівасці”.

“Думаю, што ініцыятыва Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе увойдзе ў падручнікі гісторыі, — сказала Ціханоўская. — Мы ніколі не былі так блізка да прыцягнення вінаватых да адказнасці — за злачынствы супраць чалавечнасці, за дэпартацыі, за выкраданне ўкраінскіх дзяцей”.

Палітык адзначыла, што неўзабаве ў Вільнюсе для беларусаў адкрыецца інфармацыйны пункт Савета Еўропы. Яна таксама выказала спадзеў на тое, што сёлета будзе падпісаны мемарандум аб супрацы з Сеймам Літвы — накшталт таго, які падпісаны з Еўрапарламентам.

Ціханоўская падзякавала літоўскім парламентарыям за тое, што яны прынялі “справядлівае, узаемавыгаднае рашэнне”, калі абмяркоўваліся законы, што маглі “абмежаваць правы беларусаў”. “Мы вельмі ўдзячныя вам за тое, што вы адрозніваеце беларускі народ ад рэжыму”, — сказала яна.

Падзяліцца: