Мінск 19:27

З 1 красавіка базавая арэндная велічыня падвышаецца на 6,7%

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

30 сакавіка, Позірк. Базавая арэндная велічыня (БАВ) у Беларусі 1 красавіка падвысіцца на 6,7% — з 18,77 да 20,03 рубля, паведамляе прэс-служба ўрада.

Папярэдні раз яе памер мяняўся год таму — 1 красавіка 2025 года ён вырас на 5,7% (з 17,76 да 18,77 рубля).

1 красавіка 2022 года БАВ была зніжаная на 5,3% (з 17,85 да 16,90 рубля), 1 красавіка 2024-га — падвышаная на 5,1% (з 16,90 да 17,76 рубля).

Цяперашні памер, як адзначаецца, вызначаны з “улікам велічыні індэкса спажывецкіх цэн за 2025 год адносна 2024 года”.

Базавая арэндная велічыня прымяняецца ў разліках арэнднай платы пры арэндзе нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, а таксама ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў, у статутных фондах якіх больш як 50% акцый (доляў) знаходзіцца ў дзяржуласнасці.

Памер БАВ штогод вызначаецца Саветам міністраў (фармальна — з улікам змянення індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год) і прымяняецца з 1 красавіка.

На 1 студзеня 2026 года агульная плошча нявыкарыстанай дзяржмаёмасці павялічылася ў Беларусі да 3 млн 645,9 тыс. квадратных метраў — на 6,5% больш, чым было на пачатак 2025-га (3 млн 422 тыс. 481 кв. м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Белстата.

У разрэзе рэгіёнаў сітуацыя наступная:

  • Брэсцкая вобласць — 195.490 кв. м (233.246; -16,2%);
  • Мінская — 455.173 (460.222; -1,1%);
  • Віцебская — 960.796 (929.725; +3,3%);
  • Гродзенская — 756.509 (695.458; +8,8%);
  • Магілёўская — 583.737 (532.285; +9,7%);
  • Мінск — 141.446 (126.796; +11,6%);
  • Гомельская — 552.749 (444.722; +24,3%).

Запазычанасць перад бюджэтам па пералічэнні сродкаў, атрыманых ад здачы ў арэнду дзяржуласнасці, знізілася да 284,1 тыс. рублёў (466 тыс.; -39%).

Сітуацыя ў рэгіёнах:

  • Магілёўская вобласць — 0,8 тыс. (5,2 тыс.; зніжэнне ў 6,5 раза);
  • Мінская — 143,9 тыс. (173 тыс.; -16,8%);
  • Гродзенская — запазычанасці не было (год таму — 137,5 тыс.);
  • Мінск — не меў даўгоў;
  • Брэсцкая — 11,5 тыс. (9,4 тыс.; +22,3%);
  • Гомельская — 120,5 тыс. (71,1 тыс.; рост у 1,7 раза);
  • Віцебская — 127,9 тыс. (69,8 тыс.; рост у 1,8 раза).

17 красавіка 2025 года пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці заняў Віталь Нявера, які да таго быў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама (у 2019–2020 гадах узначальваў абласны камітэт дзяржмаёмасці).

Падзяліцца: