Мінск 19:27

Лукашэнка даручыў наладзіць супрацу з Чукоткай, з якой “практычна адсутнічае ўзаемны гандаль”

Анадыр — адміністрацыйны цэнтр Чукоцкай АА РФ
Архіўнае відэа: "Ямал Медыя" / стоп-кадр: "Позірк"

30 сакавіка, Позірк. У Беларусі і Чукоцкай аўтаномнай акругі РФ “практычна адсутнічае ўзаемны гандаль”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёну Уладзіславам Кузняцовым.

“Тое, што мы не маем тавараабароту практычна, гэта бяда. Так не мае быць, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Таму ва ўрадзе трэба дамовіцца, як будзем супрацоўнічаць далей”.

“Не магу сказаць, што ў Расіі няма таго, што маем мы. Вядома, у Расіі шмат чаго маецца. Але мы пастараемся канкураваць з адпаведнай расійскай прадукцыяй, каб вас зацікавіць у нас. Край вельмі цікавы і асабіста для мяне, і для беларусаў у тым ліку”, — сказаў ён.

Лукашэнка даручыў “не чужому чалавеку на Чукотцы” міністру спорту Беларусі Сяргею Кавальчуку, які тры гады служыў у гэтым рэгіёне, “падрабязней вывучыць магчымыя напрамкі супрацы”.

“Ведаю, што недзе мільёны тры чалавекі пражывае ў такім рэгіёне, куды ажыццяўляецца паўночны завоз. Гэта для нас таксама вельмі важна. Баюся сказаць, што Чукотка будзе нейкай апорай для нас у гэтым плане. Не магу, таму што я не ведаю, магчыма ці не. Але трэба развівацца, трэба займацца гэтым краем”, — дадаў ён.

Неўзабаве пасля перагавораў з удзелам Лукашэнкі прэс-служба ўрада паведаміла, што па выніках двухбаковай сустрэчы Кавальчук і Кузняцоў падпісалі пагадненне паміж урадам Беларусі і ўрадам Чукоцкай аўтаномнай акругі РФ пра гандлёва-эканамічную, навукова-тэхнічную і сацыяльна-культурную супрацу.

Падзяліцца: