Мінск 19:27

Мытня спыніла ўвоз у Беларусь буйной партыі вадкасці для вырабу наркотыкаў

Фота: прэс-служба ДМК

30 сакавіка, Позірк. Спынены ўвоз у Беларусь буйной партыі вадкасці для вырабу наркотыкаў, паведаміла 30 сакавіка прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, “арганізатары супрацьпраўнай схемы” маскавалі забароненыя рэчывы пад каністры з тармазной вадкасцю і “перамяшчалі пад выглядам тавараў для асабістага карыстання” праз пункт пропуску Брэст (сумежны — польскі пункт Цярэспаль).

Заяўлена, што ў рамках гэтай схемы “да транспартавання прыцягвалі за грашовую ўзнагароду трэціх асоб, якія не ведалі, што знаходзіцца ў тары”.

Агулам вынята 24 каністры вадкасці “масай брута 155 кг”, з якіх 13 каністраў — на тэрыторыі Брэста.

Эксперты ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці вызначылі прэкурсоры, што ўтрымліваліся ў вадкасці, — “4′-хлорпрапіяфенон”, “2-Бром-4′-хлорпрапіяфенон” і “альфа-бромвалерафенон”.

“Пры правядзенні аператыўна-вышуковых і неадкладных следчых дзеянняў праваахоўнікамі Брэсцкай мытні вызначаныя і затрыманы асобы, якія ўдзельнічалі ў злачыннай дзейнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 3281 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС або дзяржмяжу Беларусі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў або аналагаў). Санкцыя паводле гэтай часткі артыкула — пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

Як паведамляў “Позірк”, згодна з данымі Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, ці 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: