Мінск 22:36

Грамадзянін Літвы Троцкіс прыгавораны ў Беларусі да 15 гадоў зняволення за “шпіянаж” і “агентурную дзейнасць” — праваабаронцы

Фота: Dissidentby

31 сакавіка, Позірк. Да 15 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны ў Беларусі літоўскі грамадзянін Міраславас Троцкіс, паведамляе цэнтр “Вясна” са спасылкай на даныя праваабарончай ініцыятывы Dissidentby.

35-гадовы мужчына прызнаны вінаватым паводле арт. 358 (шпіянаж) і арт. 3581 (агентурная дзейнасць) Крымінальнага кодэкса.

У няволі ён знаходзіцца 515 дзён, вынікае з даных праваабаронцаў.

Адзначаецца, што восенню 2024 года Троцкіс адправіўся ў Беларусь наведаць сваякоў, але быў затрыманы.

Іншыя падрабязнасці невядомыя.

Паводле даных “Вясны”, на 20 студзеня 2026 года сама меней 22 замежнікі мелі ў Беларусі статус палітычнага зняволенага. Палова з іх — грамадзяне Расіі. Таксама палітвязнямі на той момант былі прызнаны грамадзяне Украіны, Літвы, Францыі, Латвіі, Польшчы.

Адзначалася, што замежныя грамадзяне ўтрымліваюцца за кратамі паводле абвінавачання ў “агентурнай дзейнасці”, “шпіянажы”, “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”, “закліках да санкцый”, “удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “дыскрэдытацыі Беларусі”, “акце тэрарызму”, “міжнародным тэрарызме”. Шэсць замежнікаў утрымліваліся ў няволі ў сувязі з вайной ва Украіне. Пяць грамадзян іншых краін уключаны ў так званы “спіс тэрарыстаў”.

Агулам з 2020 года ў Беларусі пад палітычны крымінальны пераслед трапіла сама меней 100 замежных грамадзян (з іх 27 жанчын), гаварылася ў паведамленні. Праваабаронцам было вядома, што як мінімум 75 з іх накіравалі ў калоніі.

Падзяліцца: