Мінск 16:27

Ціханоўская: Год таму вызваленне сотняў палітвязняў здавалася немагчымым, але варта цуду здарыцца, і ён ужо не здаецца невыканальным

Відэа: ютуб-канал Святланы Ціханоўскай Стоп-кадр: “Позірк”

5 красавіка, Позірк. Дзень Уваскрэсення Хрыста з’яўляецца “святам доўгачаканага цуду”, днём, калі “вера і надзея перамаглі падман і варожасць”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 5 красавіка ў віншаванні з нагоды Вялікадня.

“Што такое цуд у нашыя дні? Яшчэ год таму вызваленне некалькіх сотняў палітвязняў здавалася нечым немагчымым. Але варта цуду здарыцца, і ён ужо не здаецца такім невыканальным”, — адзначыла палітык.

“Памятайце: усё становіцца магчымым, калі мы не губляем веру і працягваем працаваць дзеля лепшай будучыні. Нават калі нешта здаецца далёкім і няздзейсным, наступаюць дні, калі свет перамагае змрок”, — сказала Ціханоўская.

5 красавіка каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты адзначаюць найстаражытнае і самае важнае хрысціянскае свята — Уваскрасенне Хрыстова, або Вялікдзень.

Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся пра грамадска-палітычны крызіс, што ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, у выніку чаго рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніў кантроль за рэлігійнай сферай.

У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

З пачатку восені 2020 года па 21 сакавіка 2026-га, згодна з данымі ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 93 хрысціянскія служыцелі: каталіцкага касцёла — 37, евангельскіх цэркваў — 31, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Падзяліцца: