Мінск 15:00

МУС адсправаздачыўся аб спыненні “буйнога наркаканала”, затрыманы 19-гадовы мінчанін

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

9 красавіка, Позірк. Аб спыненні “буйнога наркаканала” паведаміла 9 красавіка Міністэрства ўнутраных спраў.

“У рамках мерапрыемстваў па спыненні каналаў паставак у нашу краіну забароненых рэчываў супрацоўнікі наркакантролю Магілёўшчыны затрымалі 19-гадовага мінчука”, – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак ведамства, затрыманы “працаваў аптовым кур’ерам інтэрнэт-наркамаркету”. “Па ўказанні куратара забіраў у суседняй краіне буйныя партыі псіхатропаў і прывозіў у Беларусь для далейшай рэалізацыі. Па месцы жыхарства фасаваў, а затым распаўсюджваў праз закладкі на тэрыторыі Мінскай вобласці”, — адзначае МУС.

У падазраванага канфіскавана “больш за 4 кг асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва “Альфа-PVP”.

Распачатая крымінальная справа за “незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту” (арт. 328 КК). Заяўляецца, што фігуранту пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, ці 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: