Мінск 16:51

МАРГ выявіў завышэнне цэн на рынку Валяр’янава

9 красавіка, Позірк. Пратэрмінаваную прадукцыю і завышэнне цэн выявіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) падчас праверкі гандлёвага комплексу Валяр’янава (Мінскі раён), паведамляе прэс-служба ўстановы.

Удакладняецца, што ТАА “МІШЫКО“ пры рэалізацыі гародніны і садавіны ўжыла гандлёвыя надбаўкі ў памеры ад 29% да 181% (пры гранічна дапушчальных 15–40 %). Агуркі прадаваліся па цане 9,90 рублёў за кг (пры дазволеным максімуме 4,04), памідоры — па 19,38 (15,04), цыбуля рэпчатая — па 6,41 (4,75).

ТАА “Садавіна Свету” на цытрусавыя ўстанавіла надбаўку да 366% пры дазволеных 40%. Апельсіны рэалізоўваліся па цане 24 рублёў за кг (8,83), лімоны і памэла — па 19,90 (8,41 і 4,98 адпаведна).

Эканамічным судом Мінскай вобласці вынесеныя пастановы аб прыцягненні названых суб’ектаў гаспадарання да адміністрацыйнай адказнасці, яны аштрафаваныя на 10,6 тыс. і 1,35 тыс. рублёў адпаведна. Таксама да адказнасці прыцягнутыя службовыя асобы арганізацый.

У Нясвіжы і Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці пры маніторынгу гандлёвых аб’ектаў выяўленыя факты прапановы да рэалізацыі ў трох аб’ектах (ЗПУП “Клецкі каапзагатпрам“, ІП Жывень Г.А., ТАА “ТэрэзаРоза“) 17 найменняў тавараў з мінулымі тэрмінамі прыдатнасці (ад каўбас да шакаладных цукерак і гідрагеляў для раслін).

Па выніках маніторынгу забароненая рэалізацыя тавараў на агульную суму каля 1,3 тыс. рублёў, у тым ліку каўбасных вырабаў вагой больш за 39 кг.

У Гомелі па звароце грамадзяніна праведзены аператыўны маніторынг, падчас якога ў крамах “Салодка і кропка“ і “ТортоДел“ спыненая рэалізацыя кандытарскіх вырабаў з недружалюбных краін на суму звыш 3,5 тыс. рублёў.

Па ўсіх выяўленых фактах у дачыненні да суб’ектаў гаспадарання вядзецца падрыхтоўка матэрыялаў для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Усяго ў першым квартале 2026 года МАРГ праведзеныя кантрольныя мерапрыемствы ў дачыненні да больш як 1,6 тыс. аб’ектаў, накіравана 530 рэкамендацый, выдадзена 169 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі прадукцыі. Сума штрафаў за парушэнні ў сферы гандлю перавысіла 17,7 тыс. рублёў. У сферы цэнаўтварэння парушэнні ўстаноўленыя больш чым у 70 суб’ектаў, выдадзена 39 прадпісанняў, штрафы перавысілі 52 тыс. рублёў (з улікам матэрыялаў мінулых гадоў).

Гл. таксама:

МАРГ працягвае знаходзіць пратэрмінаваныя тавары ў сетцы “Белмаркет“

МАРГ выявіў на БЧ парушэнні ў продажы квіткоў

Падзяліцца: