Кіраўнік беларускай мытні заяўляе, што “паслугі па захоўванні” аплачаныя за 1,4 тыс. грузавікоў літоўскіх перавозчыкаў
10 красавіка, Позірк. “Нягледзячы на ўсе перашкоды“ з боку афіцыйнага Вільнюса, амаль за 1,4 тыс. грузавых аўтамабіляў літоўскіх перавозчыкаў аплачаныя “паслугі па захоўванні“. Такія даныя прывёў 9 красавіка ў эфіры “Першага інфармацыйнага“ старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Уладзімір Арлоўскі, паведамляе прэс-служба ведамства.
Паводле слоў чыноўніка, праз беларуска-літоўскі і беларуска-польскі ўчасткі мяжы выехала 1.300 грузавікоў, яшчэ 100 чакаюць уезду ў Літву.
Усяго на беларускай тэрыторыі застаецца крыху больш за 500 аўтамабіляў літоўскіх перавозчыкаў.
Пры гэтым Арлоўскі абвінаваціў улады Літвы ў тым, што яны “палохаюць штрафамі ўсіх, хто вяртае грузавікі, а сваіх жа перавозчыкаў абвінавачваюць у парушэнні санкцыйнага заканадаўства за аплату захоўвання машын беларускаму прадпрыемству“.
Таксама ў ДМК абвінавацілі літоўскі бок у занадта павольным афармленні грузавога транспарту, які прыбывае ў краіну праз мяжу з Беларуссю.
8 красавіка міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што частцы грузаперавозчыкаў атрымалася “паспяхова вярнуць свае аўтамабілі“ з Беларусі, што сведчыць аб “наяўнасці законных спосабаў аплаты“ за стаянку.
Гаворка ішла пра тое, што частка затрыманых літоўскіх фур знаходзіцца на стаянках кампаніі РУП “Белмытнясэрвіс“ — дзяржаўнага мытнага прадстаўніка і адной з найбуйнейшых лагістычных кампаній краіны, у дачыненні да якой з чэрвеня 2022 года дзейнічаюць санкцыі Еўрапейскага саюза.
Вільнюс пры гэтым гатовы дапамагчы транспартным прадпрыемствам у пытанні аплаты, сказаў міністр.
Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы на 7 красавіка, а краіну вярнулася 679 фур.
31 сакавіка ДМК праінфармаваў пра паступленне аплаты за захоўванне больш чым за тысячу вялікагрузных аўтамабіляў з літоўскімі нумарамі, якія раней утрымліваліся на спецстаянках. Сцвярджалася, што на той момант 700 машын ужо пакінула краіну, 300 — чакала ўезду ў Літву.
23 сакавіка ДМК паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка “прыняў рашэнне аб магчымасці выезду грузавых транспартных сродкаў на літоўскай рэгістрацыі“.
“Цяпер на спецыяльна абсталяваных пляцоўках размешчана больш за 1,9 тыс. транспартных сродкаў, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў. На працягу ўсяго перыяду забяспечвалася іх поўная захаванасць”, — гаварылася ў рэлізе.
Пра “значнае зніжэнне” тарыфаў за стаянку фур з літоўскай рэгістрацыяй паведаміла ў той жа дзень прэс-служба ўрада Беларусі, не прывёўшы канкрэтыкі.
У канцы кастрычніка 2025 года Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай, дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.
Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў зрабіць больш жорсткімі правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі затрымалася каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка



