Мінск 11:45

Дзве 16-гадовыя дзяўчыны пацярпелі ў ДТЗ у Мінску — ехалі на самакаце і былі збітыя аўтамабілем на пешаходным пераходзе

Фота: УДАІ Мінгарвыканкама

10 красавіка, Позірк. Аб дарожна-транспартным здарэнні з удзелам непаўналетніх паведамляе УДАІ Мінгарвыканкама.

Увечары 9 красавіка дзве 16-гадовыя дзяўчыны ехалі на самакаце, на скрыжаванні вуліц Лабанка і Мазурава, паводле папярэдняй інфармацыі, яны, не спешыўшыся, перасякалі праезную частку па пешаходным пераходзе на дазваляльны сігнал светлафора — і былі збітыя аўтамабілем “Нісан”.

Адзначаецца, што адна з пацярпелых дастаўленая ў медустанову для абследавання.

Дзяржаўтаінспекцыя звяртае ўвагу, што перад перасячэннем праезнай часткі веласіпедыст і кіроўца самаката “абавязаны спешвацца і весці свой транспарт побач з сабой, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных ПДР”.

Пра аналагічны выпадак у Гомелі паведамлялася 22 сакавіка. У выніку ДТЗ тады былі шпіталізаваныя падлеткі 15 і 17 гадоў.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўміраваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: