Мінск 12:45

Сваякоў асуджаных выклікаюць у РАУС пасля прызнання “экстрэмісцкім фарміраваннем” іх чатаў і груп — праваабаронцы

Ілюстрацыйнае фота: "Радыё Свабода"

10 красавіка, Позірк. Сваякоў асуджаных выклікаюць па тэлефоне ў райаддзелы ўнутраных спраў (РАУС) пасля прызнання “экстрэмісцкім фарміраваннем” іх чатаў і груп — гаворка прынамсі ідзе пра ўдзельнікаў “чата аршанскай калоніі”, паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.

“У той жа час з некаторымі адміністратарамі чатаў (іх асабістыя звесткі вядомыя сілавікам) звязаліся супрацоўнікі міліцыі з Мінска і папрасілі іх даць інфармацыю аб некаторых кантактах, не настойваючы на выдаленні саміх чатаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак праваабаронцаў, раніцай 10 красавіка выдалены вайбер-чат “Антошкина”, у якім абменваліся інфармацыяй сваякі асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчай калоніі №4 (Гомель). “Магчыма, распачатая крымінальная справа”, — паведамляе тэлеграм-канал.

У чаце, як адзначаецца, было больш за тысячу чалавек, ён выдалены “без тлумачэння прычын”, пра лёс адміністратараў “нічога не вядома”.

“Сваякі асуджаных, якія адбываюць тэрмін у мужчынскіх калоніях, таксама паведамілі, што 10 красавіка ў розныя чаты дадаўся карыстальнік пад нікам “Крысціна”, які папярэдзіў удзельнікаў аб крымінальнай адказнасці за ўдзел у “экстрэмісцкім фарміраванні”, што выклікала нечаканую рэакцыю”, — паведамляюць праваабаронцы.

Паводле іх інфармацыі, сваякі асуджаных “не вераць, што іх маглі прызнаць “экстрэмістамі” і называюць такую інфармацыю правакацыйным укідам”. Фактычна, гаворыцца ў паведамленні, “людзі не вераць, што ў Беларусі могуць быць такія рэпрэсіі”.

9 красавіка стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў адным “экстрэмісцкім фарміраваннем” шэраг чатаў і каналаў, груп у сацсетках сваякоў затрыманых. Змены ўнесеныя ў адпаведны спіс на сайце МУС.

У “экстрэмісцкае фарміраванне” “СИЗО № 1 Колядичи” (па назве аднаго з тэлеграм-чатаў) уключана ўсяго 10 чатаў у “Тэлеграме”. Пры гэтым указваюцца толькі іх ідэнтыфікацыйныя нумары (ID), дзевяць тэматычных груп у “Вайберы” (“СИЗО-3 г. Гомель“, “ИК-1“, “Антошкина“, “ИК-8 Орша“, “ИК-3 Витьба“, “ИК-11 Волковыск“, “Пятнашка“ Вейно“, “ИУ “ИК № 17 г. Шклов“, “ИК-17 Шклов“), а таксама тры суполкі ў сацсетцы “УКантакце“ (“ИК № 2 г. Бобруйска“ , “ИУ “ИК-9″ г. Горки, Беларусь“ и “ИУ “ИК № 14″ (д. Новосады)“).

У спісе “экстрэмісцкіх фарміраванняў” на 9 красавіка было 387 пазіцый і 349 арганізацый.

На думку дарадцы дэмлідара Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леаніда Марозава, прызнанне рэсурсаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” азначае, што “цяпер пад пераслед могуць патрапіць усе сваякі зняволеных, якія шукаюць або аказваюць дапамогу“: “Любы ўдзел можа стаць падставай для крымінальнай справы”.

“Важна разумець, што гаворка ідзе не толькі пра сваякоў палітычных зняволеных, але і пра ўсіх, чые родныя з тых ці іншых прычын утрымліваюцца ў СІЗА, і хто шукае інфармацыю і падтрымку“, — дадаў ён.

Кіруючы рэжым, адзначыў Марозаў, “мэтанакіравана знішчае не толькі палітычную актыўнасць, але і любыя формы ўзаемадапамогі” — яны могуць быць крыміналізаваныя.

Падзяліцца: