Мінск 23:54

Кучынскі перадаў агляд праблем з легалізацыяй беларусаў кіраўніцтву Дэпартамента міграцыі Літвы

10 апреля, Позірк. Дакумент ад юрыдычнага дэпартамента Офіса Святланы Ціханоўскай з “актуальнай праблематыкай па легалізацыі беларусаў у Літве” перададзены 10 красавіка ў Дэпартамент міграцыі гэтай балтыйскай краіны, паведаміла прэс-служба дэмлідара.

Гэта адбылося падчас сустрэчы дырэктара Офіса ў Літве Дзяніса Кучынскага з кіраўніцай ведамства Індрэ Гаспэрэ. Пытанні, узнятыя ў дакуменце, як сцвярджаецца, “будуць уважліва вывучаныя”.

Гаворка ішла аб тэрмінах разгляду дакументаў ад грамадзян Беларусі, міжведамасных праверак, а таксама забеспячэння празрыстай сістэмы адсочвання статусу заяў па легалізацыі. Кучынскі “закрануў пытанне, звязанае з тэрмінамі чакання рашэнняў, якія ў шэрагу выпадкаў уплываюць на магчымасць працаўладкавання і доступу да сацыяльных гарантыяў”.  

На чэрвень анансавана тэматычная сустрэча з удзелам “зацікаўленых арганізацый”.

“Разглядаецца таксама магчымасць увядзення больш празрыстай сістэмы адсочвання статусу заяваў і тэрмінаў іх разгляду. Пакуль заява разглядаецца, меры прымусовага выезду з краіны не будуць прымяняцца: перыяд разгляду з’яўляецца падставай для вашага легальнага знаходжання ў Літве”, — гаворыцца ў рэлізе.

Таксама ўзнятыя “асобныя пытанні атрымання праязнога дакумента замежніка” тымі, хто не можа вярнуцца ў Беларусь і атрымаць новы пашпарт.

Дзейны дазвол на пражыванне ў Літве на 1 красавіка 2026 года мела 49.523 грамадзяніны Беларусі, сведчаць статыстычныя даныя Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што за месяц іх колькасць зменшылася на 255, або на 0,5% (на 1 сакавіка — 49.778), да красавіка 2025-га — на 4.216, або на 7,9% (53.739), красавіка 2024-га — на 13.361, або на 21,3% (62.884).

Пасля падзей 2020 года Літва стала адной з асноўных краін для рэлакацыі беларусаў, якія баяцца рэпрэсій на радзіме. Ціханоўская, якая пераехала ў Варшаву на пачатку 2026-га, больш за пяць гадоў пражывала з дзецьмі ў Вільнюсе.

Падзяліцца: