Мінск 17:41

Экс-баец палка Каліноўскага Шабуцкі завочна асуджаны на 19 гадоў пазбаўлення волі па 18 артыкулах КК

Ілюстрацыя: "Позірк"

21 траўня, Позірк. Былы баец палка Каліноўскага блогер Максім Шабуцкі завочна асуджаны на 19 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна“.

Працэс пачаўся 26 студзеня ў Гродзенскім абласным судзе ў рамках спецыяльнай вытворчасці і завяршыўся 20 траўня.

Пракуратура рэгіёна падтрымала абвінавачанне паводле 18 артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361, ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 1 і 2 арт. 367, ч. 1 і 2 арт. 368, арт. 369, 391, 188, 3691, 370, ч. 2 арт. 3612, ч. 1 арт. 3614 (у рэдакцыі закона ад 26 траўня 2021 года), ч. 2 арт. 3614, ч. 1, 2 і 3 арт. 3611, ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 3613, арт. 3615 і ч. 1 арт. 357.

Таксама Шабуцкаму прызначаны штраф у памеры 3,5 тыс. базавых велічынь (157,5 тыс. рублёў).

20 траўня вынесена яшчэ адно завочнае рашэнне: да 5 гадоў пазбаўлення волі Магілёўскі абласны суд прыгаварыў па чатырох крымінальных артыкулах мясцовага жыхара Мікалая Тарасенку. Спецвытворчасць вялася па арт. 188, ч. 3 арт. 361, ч. 1, 2 арт. 367, ч. 1 арт. 368 КК.

Спецыяльная вытворчасць па крымінальных справах праводзіцца ў Беларусі ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі краіны і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 188 — паклёп;

арт. 285 — стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй;

арт. 293 — масавыя беспарадкі;

арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

арт. 357 — змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;

арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу;

арт. 3614 (у ранейшай і цяперашняй рэдакцыях) — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3615 — праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

арт. 370 — здзек з дзяржаўных сімвалаў;

арт. 391 — абраза суддзі або народнага засядацеля.

Падзяліцца: