Мінск 09:48

Лукашэнка заявіў, што прыхільнік вайны патрыярх Кірыл “вырошчвае ў душах людзей дабро”

Сустрэча Лукашэнкі і патрыярха Кірыла ў Мінска 6 чэрвеня 2025 года
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

24 траўня, Позірк. З днем тэзаімянінаў (імянінамі) павіншаваў патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла 24 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

“Ваш нябесны заступнік, святы роўнаапостальны Кірыл, запаліў для славянскіх народаў нязгаснае святло веры і веды. Будучы мудрым паслядоўнікам праваслаўнай асветы нашага часу, вы працягваеце вялікую справу — вырошчваеце ў душах людзей дабро, любоў да Айчыны і беражлівыя адносіны да сваіх каранёў”, — заявіў віншавальнік.

Ён пажадаў Кірылу “моцнага здароўя, міру і божага блаславення на многія лета”.

“Падзяляю з вамі радасць гэтага духоўнага свята і выказваю шчырую пашану да вашай высокай місіі. Хай заступніцтва анёла-ахоўніка служыць надзейнай абаронай ад усіх выпрабаванняў”, — гаворыцца ў віншаванні.

Патрыярх Кірыл неаднаразова выказваўся ў падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, называў вайну “свяшчэннай”. Пазіцыя Рускай праваслаўнай царквы пад яго кіраўніцтвам прывяла да таго, што ў многіх епархіях Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата перасталі згадваць Кірылу ў малітвах, частка духавенства выступіла за разрыў сувязі з РПЦ. Выхад з-пад юрысдыкцыі Масквы пачалі абмяркоўваць таксама праваслаўныя ў краінах Балтыі (у Літве падкрэсліваюць выключна кананічную сувязь з РПЦ, у Латвіі парламент абвясціў мясцовую праваслаўную царкву цалкам незалежнай ад якіх-небудзь цэнтраў па-за межамі краіны, у Эстоніі на законапраект, скіраваны на разрыў сувязі з РПЦ, наклаў вета прэзідэнт).

Рыторыка Кірыла з нагоды ваеннай агрэсіі стала адной з прычын, з якой Святы пасад у 2022 годзе на нявызначаны тэрмін адклаў яго сустрэчу з папам рымскім Францішкам. Сустрэча так і не адбылася — Францішак памёр у красавіку 2025 года. Магчымасці сустрэчы прадстаяцеля РПЦ з цяперашнім пантыфікам Львом XIV публічна не абмяркоўвалася.

30 жніўня 2024 года стала вядома, што кіраўнік РПЦ узнагародзіў Лукашэнку ордэнам святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага (I ступені) за “развіццё царкоўна-дзяржаўных стасункаў” і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння.

Патрыярх Кірыл неаднаразова наведваў Беларусь з афіцыйнымі візітамі. Папярэдні раз ён быў у чэрвені 2025 года — удзельнічаў у святкаванні 900-годдзя з дня заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку (Віцебская вобласць). Да таго — у чэрвені 2022-га — з нагоды 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях і стварэння Полацкай епархіі.

Некаторыя ініцыятывы структур праваслаўнай царквы ў Беларусі наўпрост падтрымліваюць “рускі свет” і расійскую ваенную агрэсію ва Украіне. Напрыклад, Свята-Елісавецінскі манастыр арганізуе канцэрты ў падтрымку расійскага войска і збірае прыпасы і сродкі для расійскіх вайскоўцаў. Публічна манастыр паведамляе пра “гуманітарную дапамогу” жыхарам Данбаса.

Праваслаўе лічыцца хрысціянскай канфесіяй — дамінантай у Беларусі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. РПЦ у Расіі штодня моліцца пра “перамогу”.

Падзяліцца: