Мінск 21:04

Прадстаўнік памежнай службы Украіны назваў абсурднымі паведамленні аб перасячэнні ўкраінскімі БПЛА беларускай мяжы

Ілюстрацыя: pixabay.com

26 траўня, Позірк. Абсурднымі назвалі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны заявы Мінска аб спробах штодзённага перасячэння БПЛА беларускай мяжы, паведамляе “Украінская праўда“.

“Шмат абсурдных слоў пра сітуацыю ва Украіне і што штодня яны сродкамі СПА фіксуюць рэгулярнае перасячэнне мяжы з нашай дзяржавы баявымі БПЛА. Толькі за апошні тыдзень “налічылі” 116. І да таго ж іх СПА, верагодна, можа фіксаваць толькі ўкраінскія сродкі, таму што тое, што залятае ва Украіну з Беларусі, яны чамусьці не фіксуюць“, — адзначыў спікер пагранслужбы Андрэй Дземчанка.

Аб актыўнай разведцы беларускай тэрыторыі з задзейнічаннем радыёэлектронных комплексаў, якую вядзе ўкраінскі бок, заявіў 26 траўня дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

“На памежных украінскіх палігонах адпрацоўваюцца пытанні прымянення ўдарных БПЛА, а таксама штурму і захопу будынкаў. На гэтым фоне штодня нашымі сродкамі СПА фіксуецца рэгулярнае перасячэнне мяжы Беларусі ўкраінскімі баявымі БПЛА і іх падзенне на нашай тэрыторыі. У некаторых выпадках гэта не выпадковыя атакі, а спробы ўразіць элементы памежнай інфраструктуры, прыкрываючыся нібыта выпадковымі залётамі“, — сказаў Вальфовіч на пасяджэнні Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ у Маскве. Паводле яго сцвярджэння, толькі за апошні тыдзень іх было 116, “дзяжурныя сілы па іх ужываліся 59 разоў”.

21 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў і суполак у Славуцічы (Кіеўская вобласць) пра ўзмацненне групоўкі войскаў каля мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, 20 траўня на пасяджэнні стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага на падставе інфармацыі “розных выведак“ адносна “магчымай, патэнцыйнай эскалацыі з боку ворага“ прынятыя “адпаведныя рашэнні“.

Падзяліцца: